Віцебскага “Несцерку” правялі ў апошні шлях
Горад разьвітаўся з Фёдарам Шмакавым – старэйшым артыстам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа.
Цягам дзесяцігоддзяў ён выконваў ролю Несцеркі ў аднайменным спэктаклі. Гэта спэктакль лічыўся “візытоўкай” віцебскага тэатру.
Фёдар Шмакаў пайшоў з гэтага свету ўначы з 30 красавіка на 1 траўня, пражыўшы доўгі век – 92 гады. У памяць па сабе ён пакінуў сотні сыграных роляў, і для многіх пакаленняў віцебскіх аматараў тэатру прозвішча Шмакава найперш было звязанае з вобразам няўрымслівага, вясёлага Несцеркі – галоўнага героя знакамітай п’есы Віталя Вольскага. Пакуль узрост актора дазваляў выконваць гэтую ролю, спэктаклем “Несцерка” распачынаўся кожны тэатральны сезон у Віцебску.
Паводле традыцыі, труну з целам актора усталявалі на сцэне тэатру, які з 1941 году стаў родным для Фёдара Шмакава, ураджэнца Ленінграда. Развітацца зь ім прыйшлі сотні віцяблян. Людзей, мусіць, магло быць болей, каб у газэтах ці па тэлебачанні своечасова паведамілі пра грамадзянскую паніхіду.
А тыя, хто прыйшлі, былі ўражаныя атмасфэрай гэтай імпрзы. Калегі-акторы моўчкі стаялі на ўскрайку сцэны, пакуль каля труны выступалі старшыня аблвыканкаму і актывістка БРСМу… Не было ні ўспамінаў пра актора, ні вершаў ці маналогаў з ягоных роляў, як бывала раней. Журналісты, якія бывалі на падобных мерапрыемствах раней, і звычайныя людзі, якія любяць тэатр і з болем раьвітваюцца са сваімі любімымі акторамі старэйшага пакалення, адразу адзначылі: развітаньне прайшло без належнай цеплыні і павагі, якіх заслугоўваў старэйшы віцебскі актор.
Толькі калі труну вынеслі з залі на прыступкі ля тэатру, надышла нейкая хвіліна шчырасці: ўсе прысутныя запляскалі ў далоні – бо менавіта так, апладысментамі, прынята праводзіць у апошні шлях артыстаў.
Фёдара Шмакава пахавалі на гарадскіх могілках “Дружба” ў Мазурына. Там знайшлі вечны спачын і іншыя знакамітыя акторы-”коласаўцы”, у тым ліку і першая жонка Шмакава, вядомая акторка Зінаіда Канапелька.
Віцебск развітаўся са сваім Несцеркам.
Оставить комментарий