Главная » BY, Актуально, Минск

Ці сапраўды Леніна могуць пахаваць у Беларусі? Праўда – або камэрцыйная правакацыя?

15 мая 2009 Комментариев нет

Камэнтары пад перадрукаванай з расейскага інтэрнэту інфармацыяй у беларускіх СМІ пра патэнцыйны прытулак для Ільіча досыць розныя.

Нехта абураецца цынізмам: маўляў, ён нам, беларусам, лёс усёй нацыі паламаў, а мы яго хаваць у сябе будзем? З гэткімі развагамі  рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк не пагаджаецца:

– Тое, што Беларусь стала незалежная дзяржавай, гэта, у тым ліку, заслуга Леніна і ягонай нацыянальнай палітыкі пасьля 1917 году. Калі б ня гэта, Беларусь, як і многія іншыя ўскрайкі тагачаснай Расейскай імпэрыі, засталася такім самым ускрайкам – Паўночна-Заходнім краем…

Але якія б там заслугі ні былі, перазахаваньне Леніна ў Беларусі адбыцца не павінна і ня можа, лічыць камуніст з ПКБ Сяргей Вазьняк:

– Фантастычны праект і камэнтаваць яго асаблівага сэнсу няма: Ленін ня жыў у Беларусі, не працаваў у Беларусі і ў ягоным зборы твораў на старонках 55 тамоў згадка пра Беларусь – адна. Адзіная.

Паплечнік па партыі Сяргей Калякін прытрымліваецца такога самага меркаваньня:

– Калі раптам адбудзецца зруйнаваньне Маўзалея і вынас цела, тады ён павінен быць захаваны на радзіме ў сябе, ці недзе яшчэ.

Паводле тэстамэнту, запісанага Надзеяй Крупскай, Ленін прасіў, каб яго пахавалі побач з маці, Марыяй Аляксандраўнай, – у Пецярбургу на Воўкаўскіх могілках.

У дасьледаваньні, праведзеным Аналітычным цэнтрам Юрыя Лявады, з 1600 апытаных у 128 населеных пунктах больш за палову выказаліся за пахаваньне Леніна, 44% зь іх – за пахаваньне на згаданых ужо могілках.

Ідэя захаваньня Леніна паводле хрысьціянскіх звычаяў і разбурэньня паганскага маўзалея шырока абмяркоўваецца ў расейскіх СМІ ўжо некалькі год. І хай самі там сабе і вырашаюць, – абураюцца беларускія інтэрнэт-чытачы, камэнтуючы інфармацыю.

На погляд пісьменьніка Уладзімер Арлова, беларускія ўлады наўрад пагадзіліся б разгледзець падобны праект:

– Нягледзячы на тое, што ў Беларусі на дадзены момант ёсьць два помнікі Сталіну, усё ж прывоз паточанай мольлю муміі Леніна наўрад можа падвысіць аўтарытэт цяперашняй улады і выклікаць прыліў натхненьня у працоўных Беларусі.

Што б ні плянавалі расейскія ўлады і ні меркавалі расейскія грамадзяне, – а ў Беларусі Леніну, няма чаго рабіць, – мяркуе пісьменьнік. Небясьпечная з’ява:

– Няхай усё гэта адбываецца там, адкуль гэтая чырвоная чума распаўзалася па сьвеце. Архэалягічная навука ведае прыклады, калі ад некаторых старажытных знаходак можна заразіцца: на чуму, халеру, нейкую іншую заразу. Дык вось я вельмі спадзяюся, што ў беларусаў такой рызыкі не ўзьнікне.

Хуткасьць распаўсюду інфармацыі пра “Леніна ў Беларусі” і розгалас абмеркаваньня сьведчыць пра цікаўнасьць да тэмы. Адмоўная рэакцыя на магчымасьць пабачыць месца пахаваньня Леніна ў Беларусі – прыкмета здаровага грамадзтва, лічаць мае суразмоўцы. Хоць і відавочна, што гэтая інфармацыя – несапраўдная. Каму яна была патрэбная? На думку адмыслоўцаў у стварэньні вэб-сайту для продажу тлумачаць усё чыста камэрцыйныя інтарэсы. Дзеліцца развагамі вэб-дызайнэр Сяргей Мяркулаў:

– Маё меркаваньне:  хутчэй за ўсё гэты сайт мяркуюць прадаваць. І каб падвысіць рэйтынгі папулярнасьці, запусьцілі “утку”. Схема простая: інфармацыю будуць перадрукоўваць, пойдуць спасылкі, рэйтынг цытаваньня будзе расьці, адпаведна кошт продажу можа падвысіцца.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram