Гарадзенская інтэлігенцыя праігнаравала платную «Ноч у музеі»
У асноўным музеі горада — гісторыка-археалагічным другі год запар Міжнародны дзень музеяў адзначылі начным мерапрыемствам, якія праводзяцца ў розных гарадах свету.
Як сказаў дырэктар установы Юры Кітурка, супрацоўнікі працягнулі свой працоўны дзень да 24-х, падрыхтаваўшы асобную праграму з нагоды свята. Музей, дарэчы, размяшчаецца ў былым Новым каралеўскім палацы, які афіцыйна па традыцыі называецца замкам.
Нехта заўважыў, што за мяжой гэта выключна бясплатнае мерапрыемства, а ў нас зрабілі квіткі па дзесяць тысяч рублёў, сто квіткоў, паколькі Сенатарская зала, у якой збіралі ўсіх наведнікаў, не разлічана на вялікую колькасць людзей.
Не ведаю, мне не шкада было заплаціць грошы, усё ж «Ноч у музеі» каштуе высілкаў многім людзям.
Але я міжволі папраўноўваў з мінулым годам, калі адчувалася навізна, пэўнае захапленне ад мерапрыемства, якое праводзілася ўпершыню. Перад замкавай брамай тады стаялі тыя, хто не трапіў, бо ўсе квіткі разышліся.
Цяпер вольных месцаў хапала. Мне здалося, што менш было сталых людзей, бацькоў з дзецьмі, чым у мінулым годзе.
Было відавочна, што ноч у музеі вымагае максімальнай відовішчнасці, руху, хуткіх зменаў. У мінулым годзе самую вялікую цікавасць выклікаў паказ модаў з танцамі абсалютна незвычайных строяў — у стылі венецыянскіх карнавалаў, прычым строі дзяўчат былі досыць эратычныя. У руках публікі ўвесь час бліскалі тады фотаўспышкі.
Выдатна, што ў Сенатарскай зале, дзе адбыўся апошні сейм Рэчы Паспалітай, грала цяпер струннае трыё, але патрэбны былі людзі, хаця б толькі дзеля антуражу, у тагачасных строях. Напрыклад, калі ў Лідскім замку праводзіўся рыцарскі турнір, некаторыя супрацоўнікі гарадскога музея пераапрануліся ў сярэдневечныя строі, бо ў замкавай вежы ёсць музейная экспазіцыя. У Гродне гэтага якраз бракавала.
Затое, на вуліцы, пад порцікам, сярод калонаў палаца была паказана рок-опера «Ісус Хрыстос — суперзорка». Гэтае прадстаўленне, а таксама паказ боек славянскіх віцязяў і фаершоў якраз і выцягнулі відовішчную частку праграмы. Хаця, для тых, хто цікавіцца гісторыяй, у прыватнасці свайго горада, было навіной убачыць дакументы апошняга сейма, збрашураваныя калісьці ў выглядзе кнігі. Супрацоўнікі музея пастараліся расказаць пра драматычныя падзеі, якія адбыліся на тым сейме.
Мне, аднак, здалося, што «Ноч у музеі» выклікала слабую зацікаўленасць сярод часткі інтэлігенцыі, я не ўбачыў, напрыклад, гродзенскіх мастакоў, літаратараў. Прыйшла пераважна моладзь. А што датычыць квіткоў, дык нехта сказаў: зрабі ўваход бясплатным, ды яшчэ позна ўвечары ў нядзелю, і тады ўвогуле ніхто не прыйдзе. Між іншым, з замкавай гары — на нёманскай набярэжнай можна было ўбачыць мноства легкавікоў, моладзі, якая жлукціла піва і бавіла свой час забясплатна, не маючы патрэбы ў музейных экскурсах у гісторыю.
Трэба зазначыць, што гэтым разам у Гродне да акцыі далучыўся таксама музей гісторыі рэлігіі, які ўсе апошнія гады закрыты для наведнікаў, бо ніяк не закончыцца капітальны рамонт. Супрацоўнікі, у прыватнасці, падрыхтавалі канцэрт гродзенскай капелы ў сваім утульным падворку палаца Храптовіча, у якім знаходзіцца музей, квіткі каштавалі толькі адну тысячу рублёў.