Львоў за чатыры дні перавыхаваў беларусак лепш, чым БНФ за 20 год
Рускамоўных гендэрных дэмакратак з Бацькаўшчыны выратаваў бессмяротны Янка. Той самы, які цалаваў Алену прама ля ракі…
На днях я стала сведкай цікавага выпадку, які здарыўся у Львове. Беларусы, удзельнікі семінару па гендэрнай палітыцы, ехалі ў гарадскім аўтобусе да патрэбнага месца. Вялі сябе раскавана і даволі гучна размаўлялі – на прывычнай расійскай мове. Звярнуўшы ўвагу на касыя позіркі пасажыраў і пачуўшы пытанне наконт нашага маскальскага паходжання, адзін мужчына з дэлегацыі паведаміў, што мы – з Беларусі. У адказ пачуў: «Калі беларусы, дык навошта вы размаўляеце на чужой мове? Хіба ў вас няма сваёй?» – На такое пытанне цяжка знайсці адказ, які б зразумеў жыхар Львова.
Моўнае пытанне мяне цікавіла. На вуліцы горада завяла размову з пажылым чалавекам, інжынерам па прафесіі і рускім па нацыянальнасці. Ён распавядаў мне пра ўкраінскую анархію і эканамічны крызіс. Узорам дзяржавы, у якой існуе парадак, для яго з’яўляецца Беларусь. Высока ацаніў нашага прэзідэнта, аднак калі даведаўся, што той не гаворыць на беларускай мове, дужа здзівіўся. У яго галаву ніяк не укладвалася, як можа кіраўнік дзяржавы развіваць чужую мову, а не родную.
За чатыры дні знаходжання ў Львове ў групе раз-пораз узнікалі спрэчкі наконт мовы. Аднак усе ўраз забыліся пра свае ідэйныя расходжанні ў рэстарацыі «Крыўка», якая знаходзіцца ў глыбокім падзямеллі і ўяўляе сабой зямлянку ўкраінскіх паўстанцаў-нацыяналістаў.
Пры ўваходзе трэба было пастукаць у акенца пры зачыненых дзвярах. На стук адчынілася акенца і барадаты «партызан” запатрабаваў пароль, якім былі словы “Слава Ўкраіне!” і “Слава ўкраінскім паўстанцам!”.
У падземным памяшканні весела і шумна. Людзі не саромеліся, можна было нават заспяваць. За нашым сталом таксама гучалі песні. Усе рускамоўныя дэлегаты, падпіўшы, зацягнулі спачатку“Купалінку”, а пасля песню пра Янку.
Міжволі падумалася: добра, што ёсць на свеце такі горад Львоў, які за некалькі дзён больш перавыхаваў нашых рускамоўных беларусаў, чым шматгадовая агітацыя Партыі БНФ.