Міліцыя прапануе “закладываць” нефармалаў
Ленінскі райаддзел унутраных спраў Брэста прапануе жыхарам паведамляць пра асобаў з-за мяжы і чальцоў незарэгістраваных маладзёвых арганізацый, якія жывуць па суседству.
Я пацікавіўся ў некалькіх месьцічаў, як яны ўспрымаюць такую прапанову.
Вось іх адказы.
Мужчына гадоў сарака:
– Калі ў нас на Багданчука жылі чачэнцы і разводзілі крымінал, так што вуліцу Кадырава называлі, дык нікога не абыходзіла. А ўкраінцы, прыкладам, больш гандлем займаюцца ды будаўніцтвам.
Жанчына бальзакаўскага ўзросту:
– Цяпер хто яго разбярэ, хто тут па суседству. Кватэры на гадзіну, паўдня, на суткі здаюць.
Малады чалавек:
– “Малады фронт” чацвёрты, здаецца раз проста не рэгіструюць, а потым яшчэ і людзей дурных нацкоўваюць. Гэта як з работы апазіцыю пазвальнялі, і бацька крычыць-корчыцца: “Ані беспрацоўныя ані”.
Пенсіянерка, няйначай:
– Дык а што міліцыя наогул робіць? Калі да мяне з дачкой двое ўламіліся, дык не ехалі цэлую гадзіну ніхто. Рэчы пакралі з балкона, прышчэпкі нават паперлі ад бялізны. А яны дзяцей гэтых сцігаюць.
З дзесяці чалавек толькі адзін падтрымаў заклік мясцовых пінкертонаў.
Тым часам па ўсяму гораду развешаныя гончыя лісты на меркаванага арганізатара выбуху 3 ліпеня 2008 года ў Мінску. Фотаробат, вядомы сваім падабенствам да дзеяча паваеннага збройнага супраціву саветам Янкі Філістовіча, вісіць скрозь па Беларусі.Тэкст падпісаны тутэйшым вышукам.
Бачыце: год мінуў – а вынік нулявы. Атрымліваецца, замест сапраўдных тэрарыстаў хочуць адыграцца на бяскрыўдных “маладафронтаўцах”?