Віцебск: праязны білецік будзе каштаваць па-ранейшаму
Мясцовыя перавозчыкі прапанавалі на 40 працэнтаў павялічыць кошт праезду ў гарадзкім транспарце. Аднак ідэю аблвыканкам не ўхваліў.
Падвысіць плату за праезд прадпрыемства “Віцебскоблаўтатранс” прапанавала з тае прычыны, што колькасьць пасажыраў за мінулы год зьнізілася больш як на 20 працэнтаў. Пасьля адмены льготаў для пэнсіянэраў, студэнтаў і школьнікаў людзі пачалі эканоміць на транспартных паслугах – такую выснову зрабілі адмыслоўцы. Сёлета тэнэнцыя да зьніжэньня колькасьці перавозак відавочная таксама. І гэта тычыцца ня толькі гарадзкога, але й прыгараднага аўтобуснага транспарту, і абароту чыгункі, дзе аб’ёмы перавозак пасажыраў і грузаў цягам 2008 году зьнізіліся.
Старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец падчас нарады ў аблвыканкаме заявіў, што падвышэньне кошту праезду не паспрыяе выкананьню пляну. Людзі, маўляў, стануць езьдзіць яшчэ радзей. І калі сёньня ў мэтах эканоміі хто-ніхто знарок чакае аўтобусу і плаціць 500 рублёў, а ня едзе маршруткай за 1.000, то раз плата за праезд у адным і другім транспартным сродку ня будзе дужа істотна адрозьнівацца, пасажыры пачнуць абіраць камфорт і хуткасьць праватнікаў, а не штурханіну ў дзяржаўным транспарце.
На думку губэрнатара, трэба правесьці інвэнтарызацыю транспартных сродкаў і перагледзець сыстэму гарадзкіх маршрутаў. Віцябляне да слова “аптымізацыя” ставяцца насьцярожана: пасьля таго, як “аптымізавалі” рух “маршрутак”, іх на вуліцах горада адразу паменела. Ня выключана, што тае самае адбудзецца з аўтобусамі, тралейбусамі і трамваямі – старыя машыны сьпішуць, каб не марнаваць грошы на ўтрыманьне і такім чынам зэканоміць выдаткі зь бюджэту. А гараджанам давядзецца даўжэй чакаць на прыпынках.