Калі чалавек свядома набліжаецца да смерці, гэта азначае, што за яго спіной праўда
Іван Сяргеевіч – доктар, вядомы ў горадзе чалавек. Я папрасіў яго, як спецыяліста, пракаментаваць галадоўку ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча ў мінскай турме.
Як вядома, той ужо больш за паўтара месяца такім чынам пратэстуе супраць незаконнага ўтрымання.
А пракурор Мінскай вобласці выдаў санкцыю на працяг следства да 3 ліпеня. Гэта падобна на маўклівую згоду праваахоўных органаў на смерць чалавека. Няма яго – няма праблемы…
– Іван Сяргеевіч, дык што вы думаеце з гэтай нагоды?
– Тут многа чаго думаецца: карупцыя сістэмы, бяздарнасць следства і яго рабства. І адначасова сігнал кожнаму насельніку гэтай краіны: вы можаце ў любы момант быць выхапленым з нармальнага жыцця і без ніякіх юрыдычных абгрунтванняў кінуты за краты.
– Што вас супакойвае?
– Толькі адно: зло вяртаецца да чалавека, які свядома на яго ідзе. У якім выглядзе, але вяртаецца незалежна ад пасады, якую займае. Каб інакш, нас на зямлі ўжо б не было.
– Што значыць галадоўка ў чыста медыцынскім аспекце?
– Добрая рэч, скажу. Але калі чалавек ведае сваю меру. Для адных два-тры дні дастаткова, для іншых трэба больш часу, каб прывесці арганізм у парадак. У сярэднім добра пагаладаць да тыдня, а потым ужо пракансультавацца з дактарамі. У кожнага чалавека свая мера ў залежнасці ад шматлікіх фактараў.
– Што адбываецца з арганізмам?
– У першыя дні чалавечы арганізм выкарыстоўвае свае рэчывы для атрымання энергіі і для яго пабудовы. Для гэтага патрэбны бялкі, тлушчы, вугляводы. У першыя сем дзён арганізм харчуецца запасамі, накопленымі да гэтага. Ідзе ачышчэнне. Ну а пасля пачынаюцца больш сур’ёзныя працэсы, таму што мабільныя запасы ўжо выкарыстаны, пачынаецца паяданне самога сябе. Таму ідзе атрафія нашых органаў, прыблізна да трох тыдняў. Ну а пасля наступае самы небяспечны перыяд: усе запасы выкарыстаны, пачынаецца выкарыстанне бялкоў з жыццёва важных органаў – сэрца, мозгу, страўніка… Змяншаецца колькасць глюкозы, нервовая сістэма ў адчаі. Пачынаецца выдзяленне кетонавых цельцаў, яны –атрута, вось чаму чалавек пачынае пахнуць ацэтонам. Пачынаецца дыстрафія… Гэта грубае апісанне сітуацыі, але больш зразумелае.
– Пасля выхаду чалавек можа застацца калекам?
– Калі ён нават галадае больш двух месяцаў, то гэта непазбежна. Таму што нервовая сістэма, страўнік, сэрца, усе іншыя органы галадалі. Была парушана рэгуляцыя арганізма, у выніку адбываюцца і гарманальныя змены. Не, з гэтым лепш не жартаваць.
– А калі Аўтуховіч галадае ўжо не першы раз?
– Адказ ты ведаеш сам.
– А калі ён яшчэ пад кропельніцай?
– Значыць, яму ўводзяць унутрывенныя прэпараты. Гэта сігнал таго, што арганізм яго ўжо не можа трываць і можа ўзарвацца ў любы момант.
– З пункту гледжання псіхалогіі, калі чалавек свядома набліжаецца да смерці…
– Гэта азначае, што за яго спіной праўда. Таму я захапляюся Аўтуховічам, які выбраў адзіны сродак пратэсту ў турме. Гэта той сродак, калі чалавек упіраецца не толькі ў чатыры турэмныя сцены, але і праваахоўную сцяну. Чалавек у такім разе вырашыў ісці да канца, ён аб сабе ўжо не думае. Ён хоча звярнуць увагу грамадства, што ТАК можа быць з кожным.
– Але ў чалавека ў такім разе ёсць нейкія спадзяванні, што грамадства яго падтрымае?
– Так. Але гэта і праверка грамадства: ці гатова яно сёння да абурэння
– Гатова?
– Супраціў ажывае дзякуючы ў першую чаргу моладзі. У астатніх таксама прысутнічае пратэст, без сумнення, але ён унутраны. Можа гэта адбываецца з-за недохопу інфармацыі, але гэта ёсць спрадвечная тактыка любога рэжыму – падкошваецца самая актыўная частка грамадства. Вынішчыць усіх, хто мае сваю думку, зрабіць ніякімі, ператварыць у статак. Але зноў такі вяртаюся да думкі, што ёсць закон супрацьборства. Ён і прыродны, і чалавечы, і Божы. Вось ён насцігае сапраўды без суда і следства.