Рабочых заводаў адпраўляюць на працу ў калгасы
Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароныгарадзенскага гарвыканкама займаецца пошукам часовай працы для тых, хто мае працоўнае месца на прадпрыемстве, але не атрымлівае заробкаў.
Перш за ўсё крызіс закрануў прыдпрыемствы машынабудаўнічай галіны — гродзенскія заводы карданных валаў і такарных патронаў, «Гандальмаш».
Начальнік аддзела прагназавання і аналізу рынку працы Вольга Стрэжнева зазначыла, што грамадскія працы знайшлі ў пяці ці шасці гаспадарках, такіх як «Капцёўка» і «Кастрычнік». Там, напрыклад, могуць прапанаваць перабіраць гародніну або збіраць каменне на палетках. Спадарыня Стрэжнева зазначае, што ў калгасах заробкі могуць быць 15-20 тысяч рублёў за дзень. Ёсць і слабейшыя гаспадаркі, дзе плоцяць і менш.
Кожную раніцу а сёмай на сельгасработы адыходзіць некалькі аўтобусаў з працаўнікамі. З заводу карданных валаў спачатку было 20 чалавек, потым 40, а зараз лічба можа ўзрасці яшчэ ўдвая. Увогулле на заводзе працуе каля чатырох тысяч працаўнікоў. Пакуль ездзяць у калгасы дзесяткі, нават не сотні.
Каб дапамагчы працаўнікам пацярпелых ад крызісу прадпрыемстваў, для іх будуць шукаць часовыя работы таксама ў горадзе. Апроч гэтага, штодня ў электронным выглядзе на прадпрыемствы дасылаюць спісы вакансій, каб людзі сачылі за сітуацыяй, ацэньвалі: затрымацца на прадпрыемстве ці звальняцца, каб уладкавацца на іншае месца працы. Дзеля лепшай арыентацыі ў рынку вакансій, у інфармацыйнай зале службы занятасці ёсць пяць камп’ютараў для свабоднага доступу. У абедзены час і ў суботу працуюць інфармацыйныя кіёскі. Звесткі пра працу пастаянна друкуюць гродзенскія газеты і сайт гарвыканкаму.