Міліцыя па-ранейшаму збірае адбіткі пальцаў
Актывіста Партыі БНФ з Берасця Юрася Жыдовіча паспрабавалі ўнесці ў дактыласкапічную картатэку.
– Пазаўчора позна ўвечары звоняць у дзверы, – кажа Юрась. – У «вочка» бачу: чалавек у фуражцы. Спытаў, што трэба. Кажа: ці вы такі і такі, і трэба здаць адбіткі пальцаў.
Паводле спадара Жыдовіча, міліцыянт казаў, што адбіткі пальцаў збіраюць у сувязі з выбухам у Мінску 3 ліпеня 2008 года ў час святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці.
– Я спытаў, ці мае ён афіцыйнае прадпісанне. Калі аказалася, што не, дык тады, кажу, да пабачэння. Паабяцаў выклікаць позвай.
Летась у Берасці зрабіць тое самае прапаноўвалася Паліне Шарэнда-Панасюк, Андрусю Шарэнду, актывістам «Руху за Свабоду» Дзянісу і Канстанціну Турчанякам. Нядаўна міліцыянты з дактыласкапічнымі прыладамі наведаліся дахаты да праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна. Усе яны адмовіліся ад гэтай прапановы як пазапраўнай.
Нагадаем, што паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь адбіткі пальцаў трэба здаваць прызыўнікам ва Узброеныя Сілы і тым, хто рыхтуецца праходзіць альтэрнатыўную службу. Яшчэ падлягаюць абавязковай дактыласкапіі «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праходзяць ваенную службу ў дзяржаўных органах, у якіх прадугледжаная ваенная служба, другіх войсках і вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусь».
Для ўсіх іншых катэгорый грамадзян дактыласкапія справа абсалютна добраахвотная. Ну, кшталту суботнікаў.