Наркотыкі не ўжываюць, затое шмат п’юць
Спецыялісты падлічылі, што жыхары Віцебшчыны найменш як у іншых рэгіёнах ужываюць наркотыкі. Але колькасць хворых на алкагалізм у вобласці вышэй на 10 адсоткаў за сярэднестатыстычны паказчык па краіне.
Апошнім часам фіксуецца павелічэнне колькасці выпадкаў жаночага алкагалізму. Гэта засведчылі дактары абласнога псіханеўралагічнага дыспансэра на прэсканферэнцыі, што прайшла 23 чэрвеня ў межах агульнарэспубліканскай акцыі «Беларусь супраць наркотыкаў».
Па ўзроўні пашырэння наркаманіі Віцебская вобласць прызнана самай добранадзейнай у Беларусі. Але трывогу медыкаў выклікае тое, што абсалютная бальшыня хворых на наркатычную залежнасць – гэта маладыя людзі. 85 адсоткаў тых, хто ўжывае наркотыкі, маюць ад 18 да 35 гадоў, 25 адсоткаў – увогуле непаўнагадовыя.
Пад наглядам нарколагаў знаходзяцца 2 362 непаўнагадовыя жыхары вобласці. 105 з іх – таксікаманы «са стажам», 28 маюць патрэбу ў інтэнсіўным лячэнні ад сфармаванай алкагольнай залежнасці, але найбольшая колькасць дзяцей і падлеткаў, што трапілі на ўлік у абласны псіханеўралагічны дыспансэр, маюць пачатковую стадыю хваробы, якая можа развіцца ў хранічны алкагалізм.
Крытычная сітуацыя прымусіла спецыялістаў працаваць больш інтэнсіўна: у апошнія гады ў абласным цэнтры былі адчынены два наркалагічныя аддзяленні для дзяцей і падлеткаў. Па словах дактароў, трапляюць туды не толькі тыя, хто выхоўваецца ў сем’ях з пітушчымі бацькамі і мае нядобрую спадчыну, але й аматары такога, здавалася б, бяскрыўднага напою, як піва. Дактары гавораць пра феномен “піўнога алкагалізму”, бо частае ўжыванне гэтага прадукту становіцца прычынай узнікнення хранічнай залежнасці.
З міфам пра бяспеку ўжывання піва ў Віцебску сёння змагаюцца не толькі нарколагі. Школьны доктар Ігар Пастноў за ўласныя грошы размяшчае на старонках мясцовых газет папярэджанні пра тое, што алкаголь, які ўтрымліваецца ў піве, таксама здольны зрабіць чалавека алкаголікам. Асабліва, калі гэта падлетак або маладая жанчына. І калі колькасць дзяцей і падлеткаў, што стаяць на ўліку ў Віцебскім абласным псіханеўралагічным дыспансэры, складае менш за 10 адсоткаў, то колькасць жанчын – больш за 20.
Як і пра кожную хваробу, пра алкагалізм дактары гавораць, што яго лепей прадухіліць, чымсці потым лячыць. Але меры прафілактыкі прапануюцца своеасаблівыя: «тэлефоны даверу», эпізадычны кантроль на вытворчасці і «дні цвярозасці» на час наступнага «Славянскага базару». Між тым, псіхолагі цвердзяць, што змагацца трэба не з праявамі алкагалізму, а з ягонымі прычынамі, сярод якіх і дрэнныя ўмовы жыцця на фоне нізкіх заробкаў, і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, і немагчымасць самарэалізацыі.