Украінцаў уразілі беларускія законы
У Віцебску прайшоў міжнародны семінар з удзелам украінскіх і беларускіх прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.
Інтэграцыйны семінар, падрыхтаваны Віцебскім грамадcкім аб’яднаннем «Самакіраванне і грамадства», меў назву «Беларусь. 15 гадоў трансфармацыі. Ад постсавецкай дэмакратыі да дыктатуры». Пра пэўныя змены ў сваёй дзяржаве пасля развалу Савецкага Саюза распавядалі і ўкраінскія госці. Цікавасць да гэтай тэмы і для гасцей, і для гаспадароў палягала ў тым, што жыхары краін-суседак звычайна скардзяцца на ўласныя ўмовы і акалічнасці існавання і зайздросцяць тым, хто жыве за мяжой.
Зрэшты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый абмяркоўвалі не толькі пабытовыя праблемы накшталт таго, дзе таннейшыя прадукты і дзе больш чыста прыбіраюць вуліцы. Украінскім гасцям, якіх стаміла пэўная палітычная неразбярыха ва ўласнай краіне, давялося даведацца, што рэгламентаванае ўказамі ды загадамі жыццё беларусаў не гарантуе ім ні эканамічнай бяспекі, ні сацыяльнай стабільнасці, ні перспектыў на будучыню.
Напрыклад, з першых радкоў даклада юрыста Аляксея Гаўруцікава украінскія актывісты даведаліся, што яны ўжо выступаюць парушальнікамі закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Справа ў тым, што беларускія праваахоўныя органы могуць кваліфікаваць любую сустрэчу з удзелам некалькіх чалавек як недазволены сход ды пакараць як арганізатараў, так і ўдзельнікаў.
Апрача аналізу сучаснага стану беларускага заканадаўства, госці з Украіны паслухалі паведамленні палітолага Андрэя Ляховіча і эканаміста Міхаіла Залескага і літаральна “завалілі” выступоўцаў пытаннямі. Як высветлілася, ва украінскай прэсе вельмі нячаста размяшчаюцца грунтоўныя матэрыялы пра Беларусь. Праўда, і беларускія газеты няшмат пішуць пра Украіну.
Прадстаўніцы украінскіх жаночых арганізацый са здзіўленнем даведаліся, што віцебская міліцыя кантралюе не толькі правапарадак, але і перыядычнасць з’яўлення на працу нядобранадзейных бацькоў, якіх пастановай урада абавязалі працаваць і пералічваць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей у інтэрнатах і дзіцячых дамах. Затое беларускія гаспадыні і маці пазайздросцілі добра адладжанай сістэме падтрымкі шматдзетных сем’яў ува Украіне, якім дапамагаюць і дзяржаўныя прадпрыемствы, і прыватныя фірмы.
Семінар працягваўся тры няпоўныя дні, але гэтага аказалася вельмі мала. Шмат з таго, што ўкраінцам уяўлялася прывабным у Беларусі, аказалася не больш як міфам. З беларускага боку ўражанні былі прыкладна такія самыя. Таму не дзіўна, што падчас заключнай сяброўскай вячэры вельмі часта гучалі прапановы часцей сустракацца – каб у перспектыве скарыстаць ва ўласной практыцы тое добрае, чаму можна навучыцца ў суседзяў.