Главная » BY, Брестская, Общество

Кобрынскі рабочы ходзіць на працу ў тапках

30 июня 2009 Комментариев нет

Раней Васіль Таргоня быў на больш адказных пасадах, цяпер, як адмовілі ногі, слесар на птушкафабрыцы. Але пайсці з працы не можа: не будзе на што жыць.

– І зараз у тапках хаджу. Ногі халодныя нават летам. Кровазвароту няма. Дзве пары шкарпэтак на нагах, а іначай ступіць не магу. Жонка лаецца, чаго ты ў нейкіх тапках. Ёсць туфлі, але не магу ў цвёрдым абутку хадзіць.

Спадар Таргоня кажа, што да аўтобуснага прыпынку яму сто метраў, і яшчэ сто ад прахадной да кацельні. Але іх прайсці займае хвілін дваццаць. На аўтобусе трэба рабіць перасадку. Таму ездзіць на працу на старым “Масквічы”. А вось чаму ён страціў здароўе:

– Я сам па сабе аптыміст, але іншым разам крыўдна зусім становіцца. Я ж амаль увесь былы Саюз аб’ездзіў, працаваў забеспячэнцам. Вось і даездзіўся ў савецкіх аўтамабілях – прадзьмула спіну скразнякамі. Зіма ці лета – усё роўна сядай і едзь, Радзіма патрабуе. Цяпер няма кровазвароту.

Пра нашу медыцыну ветэран працы кажа спакойна і з пэўным фаталізмам:

–  Стараліся заўсёды мяне сплавіць кудысь. Кажуць: па пазваночніку групы ніякай не належыць, нават можаш не марыць. У іх ёсць паперы, цыркуляры, каму даецца група. Па пазваночніку – хоць ты ракам стой, але на гарматны стрэл не падыходзь. Лёгкую працу прапішуць і ўсё. Мне трэцюю групу інваліднасці далі з-за ног. Уколы мне ўшпільвалі самыя розныя. І гарачыя нейкія. Кажуць, у вас губы павінны сохнуць. А ў мяне не сохнуць. Дык вас ужо нічога не бярэ.

Жонка Надзея Аляксееўна кажа:

– Другую групу інваліднасці яму зноў не дадуць. Ды і трэцюю часова далі – вось трэба зноў праходзіць дактароў, на апараты класціся. А хадзіць ён амаль зусім не ходзіць. Горш як летась, горш.

Групу інваліднасці слесар Таргоня атрымаў летась. А да гэтага два гады не мог нічога дабіцца. Не вылазіў з тапак і бальніц. Сёлета мае права працаваць шэсць гадзін у дзень і 230 тысяч па інваліднасці, якія ў асноўным расходзяцца на лекі. Акрамя жонкі, выжыць спадару Таргоню дапамагае гумар.

– Характар у мяне – куляй не праб’еш. Лекары мне кажуць: іншы на тваім месцы дык даўно нас абклаў бы па поўнай, а ты… Аднаму лекару ў Дывіне кажу: ты мне ўкольчык дай такі, каб людзі тры чаркі па мне выпілі назаўтра. Ён адразу: ды не, нельга! Дык, кажу, тады лячы давай. Бо мне нявыкрутка, няма куды падзецца. Альбо ўкольчык, і я ніжэй узроўню зямлі схаваюся, альбо лячы. Ну ты і гумарыст, кажа. Няхай я гумарыст, але рабіце з двух адно: альбо лячыце, альбо… Куды мне падзецца? Я ж не дармаед, а як працаваць?

Пра калег па працы Васіль Таргоня адзываецца цёпла:

– На рабоце ніякіх праблем, паставіліся добра. Лёгкая праца, дык лёгкая праца. Хлопцы нават і не даюць мне фізічна працаваць. Ім важная мая парада. Кажу ім, як рабіць. І начальнік кацельні мяне разумее, і ў аддзеле кадраў, і дырэктар уважліва ставіцца.

Але, здаецца, лепш Васілю Таргоню дапамаглі б не дабрыня і клопат у побыце, а юрыдычныя нормы. Чалавек ужо не абходзіцца адной палачкай, трэба і ў левую руку кульбачку браць і хадзіць з імі абедзьвюма яшчэ сем гадоў да пенсіі. Відавочны абсурд.

targonja

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...