Вакансій для «апазіцыянераў» няма
У раённых цэнтрах, дзе мясцовыя ўлады ведаюць у твар ледзьве не кожнага жыхара, знайсці працу таму, каго лічаць апазіцыянерам, амаль немагчыма.
У райцэнтры Гарадок актывісты палітычных партый і рухаў атрымліваюць адмовы ў працаўладкаванні раз за разам. Актывіст руху «За Свабоду», старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў ужо сёмую адмову ў прыёме на працу. Апошняя адмова прыйшла ад Гарадоцкага лясгаса, куды спадара Аўтухова ў сярэдзіне чэрвеня накіраваў Цэнтр занятасці, дзе ён стаіць на ўліку як беспрацоўны са снежня 2008 года.
Паводле словаў гарадоцкага актывіста, кожнага разу падзеі адбываюцца па адным і тым жа сцэнары: перад тым як напісаць накіраванне, супрацоўнікі Цэнтра занятасці ўдакладняюць наяўнасць вакансіі па тэлефоне. Але за 15-20 хвілін, якія ў межах невялікага райцэнтра трацяцца на дарогу, вакансіі раптоўна аказваюцца ўжо занятымі.
Леанід Аўтухоў мяркуе, што наймальнікі баяцца браць яго на працу яшчэ і таму, што аднойчы ён выказаў намер ствараць на працы суполкі вольнага прафсаюза і адстойваць парушаныя правы працаўнікоў.
У красавіку 2008 года Леанід Аўтухоў быў звольнены з пасады аператара кацельні ў сувязі з заканчэннем кантракту. Слушнасць гэтага звальнення пацвердзіў і Гарадоцкі раённы суд, куды актывіст звяртаўся, каб аднавіцца на працы, бо, на ягоную думку, звальнялі яго са шматлікімі парушэннямі. Актывіст перакананы, што сапраўднай прычынай звальнення стала ягоная грамадска-палітычная дзейнасць: ён падаваў заяўкі ў райвыканкам на правядзенне пікетаў па адстойванню правоў грамадзян, імкнуўся наладзіць сустрэчу ў райбібліятэцы з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і спрабаваў адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю перад мясцовымі чыноўнікамі.
Пасля таго, як у працы спадару Аўтухову адмовілі сёмы раз, ён напісаў у кнізе скаргаў і прапаноў Гарадоцкага райвыканкама, што лічыць пазбаўленне права на працу праявай пераследу з боку уладаў.
Ніяк не можа знайсці працу на Гарадоччыне і Аляксандр Жыткевіч, малады спецыяліст-стаматолаг, у недалёкім мінулым незалежны назіральнік выбарчай кампаніі 2008 года . Хлопец не мае бацькоў, выхоўваўся ў інтэрнаце, і згодны на любую працу пасля таго, як Гарадоцкі суд пазбавіў яго права займацца прафесійнай дзейнасцю нібыта за выкрытыя парушэнні.
Мясцовыя актывісты-аднадумцы мяркуюць, што прысуд быў вынесены несправядліва: былое кіраўніцтва неаднаразова папярэджвала Аляксандра, што празмерная палітычная і грамадзянская актыўнасць у раёне не ўхваляецца. Між тым малады спецыяліст патрабаваў выканання службовых абавязкаў ад сваіх калег, дамагаўся жытла, на якое меў права як выпускнік медвучэльні і сірата, урэшце пайшоў у назіральнікі на парламенцкіх выбарах.
Цяпер былы фельчар Бычыхінскага ФАПа згодны працаваць нават у сельскай гаспадарцы на самай непрыстыжнай пасадзе, бо проста не мае сродкаў да існавання. Ён звярнуўся на сельгаспрадпрыемства вёскі Бычыхі – ПМК і КУСГП імя Свярдлова, але на працу яго не прынялі, хаця ў гаспадарцы патрэбныя шэсць працаўнікоў, у тым ліку чатыры жывёлаводы. Пра гэтыя вакансіі паведамляе інтэрнэт-сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, але для Аляксандра Жыткевіча іх нібыта няма. Не знайшлося працы і ў сельгаспрадпрыемства «Чыгуначнік», куды малады чалавек звярнуўся па накіраванню Цэнтра занятасці і Гарадоцкага РАУС, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем ім патрабаванняў прысуду. Агульным лікам Аляксандр Жыткевіч атрымаў ужо чатыры адмовы, хаця ў раёне цяпер ёсць 75 вакансій, і больш за тузін з іх не патрабуе ніякай спецыяльнай кваліфікацыі або адукацыі.