Дзень незалежнасці пад пільным даглядам міліцыі
3-га ліпеня ў Віцебску будуць арганізаваныя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: на ўрачыстае шэсце ўдзельнікаў будуць прапускаць праз металадэтэктары.
Гарадскія і абласныя газеты ўжо паведамілі жыхарам Віцебска пра тое, што ад сёмай раніцы да поўдня прайсці на вуліцу Леніна будзе немагчыма. Гэтую тэрыторыю абгародзяць бар’ерамі і абсталююць кантрольна-прапускнымі пунктамі з металадэтэктарамі. Такім чынам, убачыць урачыстае шэсце, у якім возьмуць удзел ветэраны і прадстаўнікі працоўных калектываў, можна будзе хіба што ў тэлевізійных навінах.
Рашэнне пра тое, каб стварыць у Віцебску “святочна-рэжымную зону” прынялі гарадскія ўлады. І выклікана яно, хутчэй за ўсё, леташнімі падзеямі ў Мінску, калі падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся выбух і пацярпелі людзі. Аднак захады віцебскага гарадскога кіраўніцтва выклікалі пэўнае незадавальненне ў мясцовым дэмакратычным асяродку.
– Мы хацелі б далучыцца да святочнай калоны і ўскласці ад імя Рады аб’яднаных дэмакратычных сіл вянок да Вечнага агню, – кажы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандр Мікулін. – Але такой мажлівасці нас пазбавілі, стварыўшы рэжымна-прапускную зону. Таму я аднёс заяву ў абласную пракуратуру, каб рашэнне пра строгія меры бяспекі было перагледжана. Самі меры патрэбныя, але міліцыянты павінны забяспечыць правапарадак такім чынам, каб магчымасць узяць удзел у святкаванні была ўва ўсіх, хто лічыць сябе патрыётам, а не толькі ў тых, каго прызначылі або абавязалі на працы.
Аляксандр Мікулін ня ўпэўнены, што заява дэмакратычных актывістаў паўплывае на фармат святкавання, бо падрыхтоўка да арганізацыі “рэжымна-прапускной зоны” і іншых метадаў кантролю вядзецца поўным ходам. Ужо абвешчана, што з 1 па 5 ліпеня міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, што каля канцэртных пляцовак 3 ліпеня таксама будуць стаяць металашукальнікі і ў радыусе 500 метраў ад цэнтра горада ў продажы не будзе спіртных напояў.
– Пра сок “Садочак”, праўда, асобным пунктам нічога не сказана, – пасміхаецца Аляксандр Мікулін. – Але ўсім жа вядома, што вінаватых у выбуху ў Мінску так і не знайшлі, хаця міліцыянты назбіралі дзесяткі тысяч адбіткаў пальцаў. Не знайшлі і вінаватых у віцебскіх выбухах 2004 года, калі таксама былі параненыя дзесяткі чалавек. Дык чаму з-за непрафесійнай працы праваахоўных органаў святочны настрой папсуюць сотням і нават тысячам чалавек, якія дзень вызвалення Беларусі мусяць святкаваць пад наглядам узброеных міліцыянтаў?
Калі мэтай невядомых “выбухоўшчыкаў” было не знішчэнне людзей, а толькі запалохванне, то можна лічыць, што яны яе дасягнулі. Паколькі злачынцаў не знайшлі, то цяпер адказным структурам застаецца толькі адно: проста не дапусціць патэнцыйных ахвяр на свята.
Оставить комментарий