Юры Шаўчук і «ДДТ» спявалі ў Магілёве
Такога відовішча ў горадзе не было даўно: канцэрт расійскага гурта сабраў на Савецкай плошчы каля 5 000 жыхароў.
Выступ “ДДТ” у Дзень Незалежнасці пачаўся каля 20.00, хаця пачатак быў анансаваны на 18.00. Дзве гадзіны натоўп падагравалі выканаўцы розных жанраў: поп, рэп, рок. Не сказаць, каб яны мелі вялікі поспех у публікі, яле і абыякавымі людзей не пакінулі. Агульна акцыя мела назоў “Хваля пазытыву”, і арганізатарам яе была кампанія “Велком”.
Свой выступ Юры Шаўчук пачаў з віншаванняў. Ён адзначыў, што ніякія палітыкі не могуць пасварыць два народы, што ён і ягоныя дзеці ўжываюць беларускае малако, і што яно ім да смаку. Выступ доўжыўся дзве гадзіны. У перапынках паміж спевамі Шаўчук неаднарозова прамаўляў, як яму спадабаўся Магілёў і магілёўцы. А недзе пад канец заклікаў са сцэны: “Только не забывайте свой язык!”
Праход на канцэрт быў адносна вольны: з боку Першамайскай вуліцы былі невялікія чэргі перад стацыянарнымі металашукальнікамі, а з боку Ленінскай можна было прайсці за адну хвіліну – там міліцыя карысталася ручнымі прыладамі.
Нагадаем дарэчы, што ў 1991 годзе ў фінале рок-каранацыі ў Расіі беларускі гурт “Мроя” (цяперашні “НРМ”) перамог гурт “ДДТ” і атрымаў першае месца. Лёс склаўся так, што “НРМ” аказалася не толькі ва ўмовах фактычна забароненага гурта (выступаць ім дазволілі толькі пару гадоў таму), але яшчэ і ва ўмовах айчыннага шоў-бізнэсу – якога фактычна няма.
– Спевы “ДДТ” маюць большую актуальнасць у Беларусі, чым у Расіі. Асабліва “Родина”, “Я ввязался в бой”, “Революция”, – кажа Ігар Барысаў, палітолаг, аматар гурта “ДДТ”. – Зразумела, калі б гісторыя склалася па іншаму, магло б быць так, што не “ДДТ” запрашалі б у Беларусь, але “НРМ” запрашалі ў Маскву, бо, на маю думку, кампазіцыі “НРМ” вельмі актуальныя для цяперашняй Расіі. Я вельмі ўдзячны Юры Шаўчуку за тое, што ён прыехаў да нас і хоць завуалявана, але прамовіў са сцэны словы падтрымкі тым, хто думае інакш.
Будзем спадзявацца, што дажывем да таго часу, калі беларускія зоркі будуць зарабляць грошы ў іншых краінах, і вырастуць у нас гурты, якія атрымаюць не меншую папулярнасць, чым “ДДТ”.