У Брэсце закончыліся запасы “Антиполицая”
Сродак з такой назвай, які перабівае пах алкаголю, ўвозяць з Расіі. А дарожная міліцыя, тым часам, наракае на рост колькасці п’яных кіроўцаў.
Не знайшлося сродку і ў звыклым для кіроўцаў месцы, супермаркеце “Асстор-Вест”. Прадавачка сказала: “Няма цяпер. Быў, але ўвесь выйшаў. Можа падвязуць”. Затое непадалёку на паркінгу нехта выкінуў пусты пачак.
Ці ёсць сувязь паміж знікненнем з прылаўкаў “Антиполицая” і зафіксаваным Дзяржаўтаінспекцыяй ростам колькасці п’яных за рулём?
Падпалкоўнік Андрэй Мехед, начальнік ДАІ Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, нядаўна выступіў па мясцовым тэлебачанні. П’янства як прычыну транспартных здарэнняў ён паставіў на другое месца пасля невыканання правілаў дарожнага руху. У прэс-службе падначаленага падпалкоўніку Мехеду ведамства паведамілі, што колькасць ДТЗ з удзелам п’яных кіроўцаў у параўнанні з мінулым годам паменшылася, але на чвэрць стала больш здарэнняў з цяжкімі наступствамі.
Падпалкоўнік Мехед звязвае рост колькасці п’яных за рулём з летнімі выездамі на прыроду. Пра “Антиполицай” супрацоўнікі ДАІ гаварыць адмаўляюцца. Затое не адхіляюць магчымай сувязі са святамі: Днём моладзі 28 чэрвеня, Днём Незалежнасці 3 ліпеня і народным Купаллем.