Археалагічныя раскопкі ў Светлагорскім раёне
У Шацілках (старадаўняя частка Светлагорска) 10 ліпеня пачаліся археалагічныя раскопкі сёлетняга сезона. Пасля іх у Светлагорскім раёне пройдзе чарговы этап даследаванняў на месцы колішняга горада, які меў назву Казімір.
На ўскрайне горада, на беразе Бярэзіны група людзей робіць разметку будучага раскопу.
– На гэтым месцы стаяла ўмацаваная сядзіба Шацілінскі Востраў, якая па пісьмовых крыніцах вядомая з 1560 г. Раскопкі вядуцца трэці год. І знаходкі паказваюць, што паселішча ўзнікла тут ячшэ ў раннім сярэднявеччы, у VI – VII стагоддзях. Адсюль і пачаліся Шацілкі, якія затым сталі адным з самых значных гарадоў на поўдні Беларусі. Такім чынам, мы раскопваем гістарычнае ядро гэтага горада, – гаворыць навуковы кіраўнік раскопак доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін.
Раскоп размечаны і пранівеліраваны. Пачынаецца зняцце і акуратная пераборка культурнага слоя – пласта зямлі, які ўтварыўся за час існавання паселішча. Працуюць добраахвотнікі і навучэнцы-практыканты тутэйшага індустрыяльнага каледжа. А вось і першая адметная знаходка – цёмна-сіняя пацерка.
– Да якога стагоддзя яна адносіцца і з якога матэрыялу зроблена, адразу не скажаш. Аднак бачна, што рэч цікавая і старадаўняя. А падчас мінулых раскопак тут знойдзены пацеркі і перыяду Тураўскага княства, і больш позніх часоў, – тлумачыць С. Рассадзін.
Раскопкі вядуцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў і мясцовага райвыканкама. Усе знаходкі пасля вывучэння перадаюцца ў музей гісторыі горада.
У жніўні ў Светлагорскім раёне працягнуцца і археалагічныя даследаванні горада Казіміра, які існаваў у ХVII стагоддзі і быў разбураны маскоўскімі войскамі ў 1655 г. Горад меў магдэбургскае права; пасля разбурэння на яго месцы ўтварылася вёска Каралёва Слабада. Раскопкамі там таксама кіруе С. Рассадзін. Сёлета ён плануе даследаваць царковішча – месца былога храма.
Прафесар паведаміў, што перад пачаткам сёлетняй працы ён звярнуўся за блаславеннем да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта. Уладыка Філарэт блаславіў раскопкі.

На ўскрайне горада, на беразе Бярэзіны група людзей робіць разметку будучага раскопу

А вось і першая адметная знаходка – цёмна-сіняя пацерка