Главная » BY, Витебская, Культура

Дня цвярозасці на “Славянскім базары” не будзе

13 июля 2009 Комментариев нет

Віцебскія  ўлады адмовіліся ад ідэі забараніць продаж алкаголю ў адзін з фестывальных дзён. Алкагольныя напоі проста вырашылі прадаваць з некаторымі абмежаваннямі.

Вывучаючы праграму мерапрыемстваў “Славянскага базару”, дэтальна распісаную з 10-га па 16-га ліпеня, многія дзівіліся: няма Дня цвярозасці, так шырока разрэкламаванага летась.

– Гарэлку, віно, піва і ўсё астатняе мы маем права прадаваць штодня, –  распавядае Галіна, гандлярка гастранома сеткі “Віцебскія прадукты”, што па вуліцы Кірава. – Продаж алкагольных напояў у нас забаронены толькі з 16.00, і выключна таму, што наша крама ўвайшла ў так званую “фестывальную зону”. У крамах, якія месцяцца падалей ад цэнтра горада, ніякіх абмежаванняў няма ўвогуле. А наша знаходзіцца якраз па дарозе з вакзала да цэнтра, дзе праходзяць канцэрты і іншыя імпрэзы, і да абеду ўсе аматары выпіўкі могуць набраць сабе напояў на вечар. Мушу заўважыць, асабліва актыўна купляе гарэлку моладзь з бліжэйшых ад Віцебска райцэнтраў, якая прыязджае не на канцэрты, бо білеты дарагія, а проста так, пагуляць.

Летась праграму “Дня цвярозасці” арганізоўвалі і праводзілі самі віцебскія міліцыянты: ладзіла конкурсы ДАІ, спявалі ўдзельнікі міліцэйскай мастацкай самадзейнасці, БРСМаўцам даручылі раздаваць сцяжкі і розныя памяткі. Але тых, хто ў гэты дзень паспеў выпіць, нягледзячы на тое, што алкаголь у крамах не прадаваўся амаль суткі, таксама было шмат – народ “затарыўся” загадзя.

У гэтым годзе неэфектыўнае мерапрыемства рашылі не паўтараць, адно што паспрабавалі не  прапускаць падпітых людзей у раён Летняга амфітэатра.

– Мы мусім правяраць, ці няма ў чалавека зброі, небяспечных вострых прадметаў, а таксама ці не знаходзіцца ён у стане алкагольнага ап’янення, – тлумачыць Андрэй, міліцыянт з кантрольна-прапускнога пункта. – У нас ёсць металадэтэктар, які падае сігнал у выпадку небяспекі. А вось як вызначыць, п’яны чалавек ці цвярозы – гэта ўжо праблема. Калі ён не стаіць на нагах, тут усё зразумела, – не пусцім. А калі ён праходзіць “праз брамку” роўна, застарэлым перагарам не пахне, бутэлькі з сабой няма, дык і прапускаем.  Толькі дзівімся потым, адкуль столькі п’яных скача пад вечар каля канцэртных пляцовак.

Міліцыянтам часта дваводзіцца спыняць тых, хто прымудраецца пераліваць гарэлку ў бутэлькі з-пад мінералкі. Таму празрыстыя напоі іншым разам адкаркоўваюць і нюхаюць. З іншага боку, продаж алкаголю дазволены ў кавярнях, барах і рэстарацыях, якія ў цэнтры горада на кожным кроку.

Падчас прэсавай канферэнцыі нехта з расейскіх журналістаў запытаўся ў арганізатараў фестывалю, чаму ў Віцебску такія сумныя мінакі. Мабыць, таму, што абмежавалі продаж алкаголю? Гэтае пытанне адны сустрэлі смехам ды апладысментамі, а другія абурэннем: маўляў, Расея сама заўсёды славілася сваім павальным п’янствам, і цяпер імкнецца спаіць увесь свет.

Так ці інакш, але змагацца з уласнай або “імпартнай” шкоднай звычкай у фестывальным горадзе амаль што адмовіліся.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...