Віцебскі праваабаронца чакае прысуду
На працягу чатырнаццаці пасяджэнняў суддзя Віцебскага абласнога суда Галіна Урбановіч разглядала крымінальную справу сябра БХК Леаніда Свеціка, якога вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці.
Тры віцебскія апазіцыянеры, якія праходзяць па гэтай справе ў якасці пацярпелых, катэгарычна не вераць у вінаватасць падсуднага, пра што неаднаразова заяўлялі падчас працэсу.
Леаніда Свеціка вінавацяць у тым, што ён нібыта пісаў і дасылаў жыхарам Віцебска лісты ад імя радыкальнай прафашыстоўскай арганізацыі “Русское Национальное Единство”. Такіх лістоў у крымінальнай справе зафіксавана 15 штук. Цягам 2006-2008 гадоў іх атрымлівалі і віцебскія апазіцыйныя актывісты, і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, і чыноўнікі абласной вертыкалі.
– 16 ліпеня суддзя мусіць абвясціць прысуд, – гаворыць спадар Свецік. – І я зрабіў усё, каб даказаць, што невінаваты. Яшчэ на этапе следства былі дапушчаныя парушэнні, і ў судзе Галіна Урбановіч адмовілася задаволіць большасць маіх хадайніцтваў, якія дапамаглі б устанавіць ісціну. Да прыкладу, я патрабаваў, каб з арыгіналаў лістой знялі ўсе адбіткі пальцаў ды параўналі з маімі. Такім чынам было б бачна, што я не тое, што не пісаў лістоў ад імя РНЕ , але нават не трымаў іх у руках.
Леанід Свецік лічыць, што абвінавачанне прадстаўніка абласной пракуратуры Сяргея Селіханава, які выступаў на судзе, выглядае як сведчанне звядзення рахункаў з боку Свеціка. Маўляў, некаторых асоб праваабаронца за нешта незалюбіў і таму пісаў ім брыдкія лісты. Аднак, паводле падсуднага, значную колькасць адрасатаў ён увогуле не ведаў і не быў з імі знаёмы. Перадусім таму, што жыве ў Віцебску толькі з 2005 года і ўяўлення не меў, скажам, пра існаванне яўрэйскай суполкі, якая збірала сродкі на помнік ахвярам генацыду і атрымала ад невядомых аўтараў пісьмовае патрабаванне спыніць акцыю.
– Мне Леанід Свецік дапамагаў складаць скаргу ў міліцыю, а потым у пракуратуру, каб урэшце знайшлі тых, хто дасылае лісты ад імя РНЕ, – гаворыць сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які атрымаў ліст з пагрозамі за свае апазіцыйныя погляды. – Па-першае, гэтага не стаў бы рабіць чалавек, які сам мае да гэтых лістоў нейкае дачыненне. Але ж спадар Свецік разам з намі патрабаваў справядлівасці, бо прыходзілі адно адпіскі: не можам нікога знайсці, бо арганізацыя РНЕ не зарэгістраваная. А праз тры гады раптам як прачнуліся і адразу знайшлі “вінаватага” – вядомага ў Віцебску праваабаронцу. На маю думку, суд з першага пасяджэнне прыняў бок абвінавачання і не спрабаваў нават разабрацца ў справе. Таму мы, трое з чатырох, каго прызналі пацярпелымі, патрабавалі адводу суддзі.
Адводу суддзі не патрабавала толькі пацярпелая Тамара Краснова-Гусачэнка – паэтка-пенсіянерка, старшыня віцебскай філіі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Не чакаючы высновы суда пра тое, вінаваты Леанід Свецік ці не, яна выказала сваё меркаванне, склаўшы іск пра матэрыяльную кампенсацыю. У ім яна напісала, нібыта ліст ад РНЕ – а тое, што яго напісаў праваабаронца, яна не падвяргае сумневу – так паўплываў на ейнае здароўе, што ў яе абвастрылася хранічная хвароба вушэй. Таму яна запатрабавала, каб Свецік заплаціў ей сем мільёнаў рублёў кампенсацыі за маральны і фізічны ўрон.
Пракурор С.Селіханаў паменшыў суму іску да 5-ці мільёнаў, якія прапанаваў выручыць з продажу канфіскаванай у праваабаронцы аргтэхнікі – кампутара, двух прынтэраў і сканэра. У якасці пакарання ён лічыць неабходным памясціць Л.Свеціка ў калонію агульнага рэжыму на два гады.
Сябры і паплечнікі збіраюцца 16 ліпеня чарговы раз прыйсці ў суд, каб падтрымаць Леаніда Свеціка. Яны лічаць, што крымінальны пераслед праваабаронцы і гэтае судовае разбіральніцтва маюць на мэце дыскрэдытацыю праваабарончага руху ў Беларусі.