Брэсцкі палітык даехаў на ровары да Пецярбурга
Вандроўку 59-гадовага сацыял-дэмакрата Георгія Руцкога ўвесь чэрвень суправаджалі дажджы. За месяц ён праехаў каля трох тысяч кіламетраў.
– Мая вандроўка была прысвечаная Дню дзіцяці, – кажа спадар Руцкі. – Набраў чупа-чупсаў, сабе сала, цыбулі, і ў дарогу. Калі нечаму прысвяціць ¬– тады і сэнс будзе.
Палітык мае падораны нямецкім партыйным сябрам ровар, але паехаў на беларускім. Кантачыў з Мінскім велазаводам аб падтрымцы, ды бясплённа. Затое прыдбаў маечку з фірмовым надпісам на брэсцкім “Еўрабайку”. Начаваў у намёце, часам у родзічаў, знаёмых альбо партыйцаў.
– У Полацку з партыйцамі былі сустрэчы. Таксама сустракліся ў Мінску, Белаазёрску і Залуззі, гэта Жабінкаўскі раён, мая першая начоўка.
Мабыць у сілу прыроднай сціпласці спадар Георгій не абцяжарваў расійскіх сацдэмаў. Ля Пецярбурга спыніўся ў стрыечнай сястры. А вось у Полацку таксама дапамог таварыш па партыі.
– Полацк – адкрыццё для мяне. На гэтай невялікай частцы беларускай зямлі жыло багата таленавітых людей, якія пакінулі свой след у гісторыі. Вельмі мяне ўразіла і другое: за кароткі час перабудовы палачане пабудавалі так шмат помнікаў! І Еўфрасінні Полацкай, і Скарыну, і літары “Ў”. Я перад імі проста схіляю галаву.
У Пецярбургу Георгій Руцкі быў 15 чэрвеня.
– Пецярбург уразіў мяне колькасцю крутых аўто. Каб не перабудова, дык спатрэбілася б можа сто, а можа дзвесце савецкіх “пяцілетак”, каб дасягнуць такога. Але хутчэй ус ё б засталося на ўзроўні 70-х. Калі Пётр Вялікі адчыніў акно ў Еўропу, то Гарбачоў адчыніў туды дзверы. Усім, улучна з беларусамі. Каму захацелася, пайшоў у тыя дзверы. А хто не хоча, той жыве ў беднасці і кажа, што за тымі дзвярыма кепска.
Руцкі чалавек нечаканы. Кажа, думаў у Мінску перабіць маршрут на Талін – Рыгу – Вільню – Гродна, але не даў прагноз надвор’я. А мара ягоная – Парыж, па дарозе ў францускі Брэст.

Адзіны ў свеце помнік літары “Ў” у Полацку

Каля помніка Францыску Скарыне ў Полацку з сябрам па партыі

У кожнага свой конь: у Пятра I з бронзы, а ў Георгія Руцкога мінскі, са сталі