Дзень памяці паэта Альгерда Абуховіча
Мерапрыемства праходзіла у рамках доўгатэрміновай акцыі “Кветкі замест чартапалоху” грамадзянскай кампаніі “Наш дом”.
30 жніўня па запрашэнню актывістаў кампаніі ў Слуцк на магілу Альгерда Абуховіча прыехалі беларускія паэты і пісьменнікі Васіль Якіменка, Алесь Пашкевіч, Cяргей Панізьнік. Прысутнічалі таксама гісторык Ніна Стужынская і рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль.
Усяго на мерапрыемстве было 30 чалавек: акрамя запрошаных гасцей, не абыякавыя да грамадскіх праблем случчане і мясцовыя аматары паэзіі. Вучаніца 11 класа прачытала ўласны верш, пісьменнікі ў сваіх выступах закранулі тэму нацыянальных каранёў. Паэт Сяргей Панізьнік спецыяльна для сустрэчы напісаў верш, прысвечаны Альгерду Абуховічу.
Гаворка вялася пра жыццё і творчасць Альгерда Абуховіча, пра дрэнныя адносіны мясцовых улад да могілак. Перад сустрэчай пісьменнікі пабывалі ў гарвыканкаме, дзе вялі размову пра жудасны стан пахаванняў. На самой сустрэчы было аб’яўлена аб пачатку збору подпісаў пад калектыўным патрабаваннем добраўпарадкавання могілак. Усе прысутныя падпісаліся пад зваротам.