Рупліўцы роднае мовы на Магілёўшчыне
Улады вобласці распрацоўваюць комплекс мер па прапагандзе беларускай мовы. Адна з прапаноў – аб’явіць 2010 Годам роднай мовы.
Заклік выратаваць беларускую мову, якую ЮНЭСКА прызнала блізкай да знікнення, пачула кіраўніцтва рэгіёна. Комплекс мер па прапагандзе мовы, які цяпер распрацоўваецца, у першую чаргу датычыцца сфер адукацыі і культуры: беларускія дні ў дзіцячых садках, творчыя конкурсы, беларускамоўныя афішы і г.д.
Мяркуецца, што ў магілёўскіх тэатрах будзе больш спектакляў на беларускай мове. Аднак у гэтым сезоне ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры не з’явіцца ніводнага новага беларускамоўнага спектакля.
Затое сёлета ў цэнтры Магілёва пачало працаваць новае летняе кафэ “Карчма на шклоўскім базары”, дзе народны стыль дапаўняе меню на беларускай мове. Паводле планаў, цэннікі ў крамах і меню ў кавярнях зробяць на дзвюх мовах. А шыльды ўстаноў культуры яшчэ да канца гэтага года павінны быць перапісаны па-беларуску.
Гэтаксама ёсць прапанова рэкамендаваць кіраўнікам вобласці і сельскіх раёнаў прамаўляць па-беларуску на ўсіх урачыстых мерапрыемствах.