Вінаград па-гродзенску
У Аграрным універсітэце ў Гродне 10-11 верасня праходзіць выстава, на якой прадстаўлены дзесяткі гатункаў вінаграда, што вырошчваецца ў Беларусі.
На выставе было вельмі людна, яна прыцягнула ўвагу гродзенцаў. Аднак удзельнікаў было меней, чым планавалася. Як патлумачыў арганізатар дацэнт універсітэта Сяргей Собалеў, галоўнай мэтай з’яўляецца папулярызацыя вінаградарства на Гродзеншчыне, але не ўсе аматары змаглі прыехаць. Напрыклад, аднаго з іх, які жыве ў Воранава, не адпусцілі з працы.
Можна было чакаць, што больш будзе ўдзельнікаў з іншых абласцей, але прыехалі толькі аматары з Мінска, Бабруйска і Магілёва. Сяргей Собалеў патлумачыў, што раней такія рэгіянальныя выставы адбыліся, напрыклад, у Пінску і Брэсце. Зразумела, што аматары вінаградарства з поўдня краіны ўдзельнічаюць у сваіх паказах і ў іх няма патрэбы ездзіць у Гродна.
Затое з Бабруйска прыехалі дзве ўдзельніцы, адна з іх, Людміла Камарова прызналася, што вырошчвае ажно семдзесят гатункаў вінаграда. Асабліва прыцягвалі ўвагу буйным памерам ягад два з іх — “Аркадыя” і “Данскі”, прынамсі першы дае ураджай і ў цяпліцы, і ў адкрытай глебе. Праўда, сёлета збор будзе меншым, сказала жанчына, лета было не вельмі гарачым.
Гродзенцы ахвотна каштавалі вінаград, які спадабаўся і, параіўшыся, які гатунак лепей вырошчваць самім, куплялі саджанцы. Дарэчы, СВК “Кастрычнік” Гродзенскага раёна таксама прадставіў цэлую калекцыю з васемнаццаці гатункаў, якія спрабуюць вырошчваць у гаспадарцы, але гэты вінаград быў пераважна дробным.