Главная » BY, Общество

У ЕГУ арганізавана новая магістарская праграма па публічнай палітыцы

13 сентября 2009 Комментариев нет

Магістарская праграма была распрацавана ў супрацоўніцтве з факультэтам публічнага адміністравання Лейдэнскага ўніверсітэта (Нідэрланды). Яна накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў, якія валодаюць тэхналогіямі публічнай палітыкі і могуць быць яе эфектыўнымі ўдзельнікамі ў сферы дзяржаўнага і грамадскага кіравання.

На думку куратара праграмы, вядомага палітолага Святланы Навумавай, “паняцце “публічная палітыка” ахоплівае вельмі шырокае кола з’яў. Гэта і працэдуры прыняцця палітычных рашэнняў, і дзяржаўнае кіраванне, і распрацоўка нацыянальных праграм і праектаў, і тэхналогіі іх рэалізацыі. Акрамя таго, у сферу публічнай палітыкі ўключаецца і ўдзел грамадзян, і масавыя камунікацыі. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра бачную, “надводную” частку палітычнага працэсу, удзел у якім патрабуе адпаведных прафесійных навыкаў.”

Цяпер у Беларусі няма навучальных устаноў, якія рыхтавалі б спецыялістаў у галіне публічнай палітыкі ў сучасным сэнсе гэтага слова. Адукацыйныя праграмы беларускіх універсітэтаў накіраваныя выключна на вывучэнне формаў і метадаў дзяржаўнага кіравання ва ўмовах вертыкальнай і цвёрда іерархічнай будовы палітычнай сістэмы. Прапанаваная магістарская праграма “Публічная палітыка” ў першую чаргу арыентаваная на засваенне еўрапейскага досведу ў галіне публічнай палітыкі.

Магістратура ЕГУ завяршае цыкл падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне паліталогіі. Сёлета навучанне ў ёй працягнуць першыя выпускнікі бакалаўрыяту ЕГУ ў Вільнюсе. Для ўдзелу ў праграме запрашаюцца грамадзяне Беларусі, якія маюць вышэйшую адукацыю ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, а таксама тыя, хто мае досвед працы ў сферах публічнай палітыкі і грамадзянскай супольнасці. Як лічыць куратар праграмы, “адукацыя ў галіне грамадскай палітыкі і дзяржаўнага кіравання сёння — адзін з найболей прэстыжных і запатрабаваных кірункаў навучання. Немагчыма ўявіць сучасны ўніверсітэт, які не рыхтуе спецыялістаў у галіне публічнага менеджменту.”

Навучанне будзе праходзіць на беларускай, рускай і англійскай мовах. Фармат навучання ўяўляе сабой камбінаванне вочных заняткаў у Вільнюсе і самастойнае выкананне заданняў праз сістэму дыстанцыйнага навучання. Тэрмін навучання ў магістратуры — 1,5 гады.

На перыяд навучання студэнты атрымліваюць бясплатную візу. Яны таксама маюць права карыстацца бібліятэкай ЕГУ, удзельнічаць у сацыяльным і культурным жыцці ўніверсітэта. Ім даецца магчымасць карыстацца бяздротавым Інтэрнэтам у вучэбных будынках універсітэта, электроннымі копіямі навуковай і вучэбнай літаратуры.

Студэнты, якія паспяхова скончылі магістратуру, атрымліваюць дыплом аб прысваенні ступені магістра палітычных навук, прызнаны ў якасці дакумента аб адукацыі ў краінах Еўрапейскага Саюза. Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 20 верасня 2009 года.

Больш падрабязна з праграмай можна пазнаёміцца на сайце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...