Главная » BY, Гродненская, Политика

“Галоўным палякам” Беларусі стаў Станіслаў Сямашка

14 сентября 2009 Комментариев нет

З дапамогай уладаў у Гродне прайшоў з’езд афіцыйнага Саюза палякаў. Пенсіянера Іосіфа Лучніка на пасадзе кіраўніка гэтай арганізацыі замяніў Станіслаў Сямашка, якому 57 год.

У Гродне некаторыя здзіўлены, яны сумняваюцца, што спадар Сямашка размаўляе па-польску, бо раней, нават калі звярталіся да яго па-беларуску, чулі ў адказ:  “Говори по-русски, у нас по-русски разговаривают, у нас русский – государственный язык!”

На з’езд у Гродна прыехалі міністры, супрацоўнікі ідэалагічнай службы, іншыя чыноўнікі. Навошта ўладам спатрэбіўся на чале Саюза палякаў чалавек, які раней не меў дачынення да польскага руху? Каб сэканоміць на гэтай арганізацыі, гавораць знаўцы. Сэканоміць у тым сэнсе, каб не фінансаваць СПБ цалкам, з нуля, улучна з газетай “Glos znad Niemna”. Хай цяпер фінансуе сам Сямашка! Рэч у тым, што ён – вялікі ў Гродне бізнэсмэн, улады паўсюль выстаўляюць яго, як прадпрымальніка, які ўсім задаволены і працвітае, прычым заўжды, калі ім трэба, робіць грашовыя ахвяраванні, яго прымушаць не трэба.

У інтэрв’ю газеце “Glos znad Niemna” Станіслаў Сямашка прызнаўся, што толькі нядаўна даведаўся, што для чальцаў афіцыйнага Саюза палякаў уезд у Польшчу забаронены. А між тым, яны пакутуюць праз гэта ўжо цэлых чатыры гады – паля таго, як беларускія ўлады ў 2005 годзе паспрыялі расколу СПБ, паколькі яго кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс адмовілася танчыць пад дудку чыноўнікаў. Інтэрв’ю гэтае, між іншым, газета надрукавала яшчэ да з’езда, намякаючы на тое, хто будзе кіраўніком праўладнай польскай арганізацыі. Карацей, абранне спадара Сямашкі сталася сакрэтам полішынэля для гродзенцаў.

Станіслаў Сямашка заявіў газеце “Glos znad Niemna”: “Маё правіла — не шкодзь сваёй дзяржаве, падтрымлівай кіраўніцтва сваёй краіны, не ўлазь у палітыку”. Ён хоча, каб “Польшча брала з нас прыклад”. Сямашка “перажыў шок”, калі даведаўся, што “адныя палякі закавалі ў кайданы іншых палякаў”, забараніўшы ўезд у Польшчу Іосіфу Лучніку і яго паплечнікам з афіцыйнага СПБ. Пры гэтым новы кіраўнік арганізацыі, яшчэ не стаўшы ім, заявіў, што ставіць перад сабой мэту дамагчыся ў гэтым сэнсе справядлівасці: “Калі не будзе з кім размаўляць у Польшчы, мы дойдзем да Еўрапарламента, але зробім усё, каб вінаватыя былі пакараны”. Незразумела толькі, як Станіслаў Сямашка трапіць у тую Польшчу, бо цяпер забарона на ўезд у гэтую краіну будзе аўтаматычна распаўсюджвацца і на яго самога.

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.