Брэсцкі суд палюбіў міжнародныя канвенцыі
14 верасня Суд Ленінскага раёна горада Брэста разгледзеў іск гарвыканкама да Ірыны Смірновай наконт змушэння яе заключыць дагавор арэнды на зямлю пад уласным домам.
У свой час іск быў задаволены, але абласны суд накіраваў справу на новы разгляд, паколькі рашэнне было прызнанае няпраўным. Цяпер, амаль праз паўгода, суд вырашыў адкласці слуханне яшчэ на дзевяць месяцаў
Наступнае паседжанне суда прызначана на 1 чэрвеня 2010 года. Падстава: суд задаволіў хадайніцтва Ірыны Смірновай азнаёміць яе сястру са зменамі ў іскавай заяве гарвыканкама. Сястра з’яўляецца грамадзянкай Літвы. Паводле міжнародных канвенцый, падпісаных Рэспублікай Беларусь, на такія справы з удзелам грамадзянаў розных краін адводзіцца найменш шэсць месяцаў.
Нагадаем, што яшчэ да Новага года без ведама Ірыны Смірновай участак, на якім размяшчаецца яе бацькаўшчына – паўдома і сад – быў аформлены суседам-землямерам Юрыем Кузубам у арэнду. А сама Смірнова і яе сястра хочуць атрымаць зямлю ў пажыццёвае валоданне. Надзел у цэнтры Брэста можа каштаваць на сёння дзясяткі тысяч долараў. Гарвыканкам жа прапануе Смірновай арэнду, якая нават забароненая заканадаўствам.
Вынік судовага паседжання, падобна, задаволіў усіх, акрамя Юрыя Кузуба. Кажуць, за ягоным безаглядным імкненнем аформіць участак у арэнду стаіць адзін высокі аблвыканкамаўскі чыноўнік. А той перасягнуў ужо пенсійны век. І вось гарадскія чыноўнікі ды суд маюць тое рашэнне пра Бурыданава асла: час пройдзе, і ён сам па сабе здохне, бо рашэнне па сутнасці не будзе прынятае.