П’яная сварка ў Магілёве скончылася забойствам
Дваццацітрохгадовая жанчына забіла сваю сяброўку, з якой напярэдадні піла гарэлку.
У пятніцу 11 верасня гаспадыня кватэры, яе сужыцель і ейная сяброўка, што жыла ў тым жа пад’ездзе, распівалі спіртныя напоі. А ў суботу 12 верасня каля сямі гадзін раніцы сяброўка зноўку завітала, каб працягнуць, ды, напэўна, паправіць свае здароўе. Але тыя прыняць яе не згадзіліся.
– Калі гаспадыня папрасіла сысці, яна не згадзілася, пачалася бойка, у выніку якой яны перамясціліся на лесвічную пляцоўку. У гаспадыні быў нож, які яна ўзяла з сабой, і яна нанесла ім удар. Усяго было нанесена каля чатырох удараў, – расказвае супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС.
Забойца сама выклікала хуткую дапамогу, але, па сведках суседзяў, урачы прыехалі праз паўгадзіны, і было ўжо позна. Забітай канстатавалі смерць ад вялікай крывастраты.
Адразу прыехала міліцыя і пракуратура, дзяўчына дала паказанні. На момант забойства яна знаходзілася ў нецвярозым стане. Забойства растлумачыла тым, што хацела напалохаць суседку, каб тая хутчэй сышла з кватэры.
У адносінах да затрыманай узбуджана крымінальная справа па артыкуле 139 ч.1 Крымінальнага кодэкса РБ “Забойства”. Максімальны тэрмін – 15 год пазбаўлення волі. У затрыманай ёсць дзіця: шасцігадовы сын.