Гатэль «Светлагорск» яшчэ працуе па савецкіх правілах
Пасяліцца ў адзін нумар разнаполыя грамадзяне могуць без штампа ў пашпарце, аднак калі ў іх мясцовая прапіска, дык месца ім не дадуць.
За тлумачэннямі мы звярнуліся да кіраўніка гатэля Людмілы Пятроўны Маскальчук-Кузьмінок.
– Людміла Пятроўна, у мяне да вас пытанне: ці магу я пасяліцца ў вашым гатэлі са светлагорскай прапіскай?
– Са светлагорскай прапіскай? Не.
– А чаму?
– Таму што мясцовых не сялю, гатэль для іншагародніх.
– А якім нарматыўна-прававым дакументам вы кіруецеся ў гэтым пытанні?
– А навошто вам гэта ведаць? І якая патрэба мясцовым сяліцца ў гатэлі?
– Ну, напрыклад, сямейныя складанасці.
– Не мая праблема. Мне тут сямейныя скандалы не патрэбны і з гэтым я ўжо сутыкалася. Здымайце жыллё, кватэру.
– Гэта значыць, вы, па сутнасці, адмаўляеце ў аказанні паслуг?
– Гатэль для іншагародніх. Гэта тыповыя правілы па рэспубліцы. Мы яшчэ не прыйшлі да еўрапейскага ўзроўню.
– Але іншыя гатэлі, у тым ліку светлагорскія, селяць мясцовых жыхароў, і іх не турбуе, па якой прычыне чалавек захацеў наняць нумар.
– Ну як гэта не турбуе? Мяне гэта турбуе.
– Дык чаму канкрэтна вы не селіце мясцовых жыхароў?
– Гатэль рыхтуецца да рамонту. У гатэле няма месцаў. Мы працуем па лістам-брані. Я не ў стане забяспечыць горадабудаўнічыя прадпрыемствы – буду я пераходзіць на фізічныя асобы! Вось калі рамонт будзе, тады можа быць…
– Дзякуй. Жадаю вам поспехаў у справах і ўсе ж такі выходзіць на еўрапейскі ўзровень.
– Усяго добрага. Да пабачэння.
Тым не менш, гатэль ВА “Хімвалакно” у тым жа горадзе Светлагорске прадастаўляе магчымасць засяліцца ўсім, не залежна ад прапіскі ў пашпарце. У гатэлях “Магілёў” і “Віцебск” увогуле здзівіліся, што такое магчыма, і з радасцю запрасілі да сябе, узгадніўшы перад гэтым наяўнасць вольных нумароў.