Хутка ўбачым новы фільм пра Брэсцкую крэпасць
На расійскія грошы здымаюць фільм-рэканструкцыю з рэальнымі прозвішчамі і задакументаванымі падзеямі.
Частку кальцавой казармы на Цытадэлі Мемарыяла аддалі пад павільён-муляж. Усё паказвае на вялікія, як для постсавецкай прасторы, грошы.
Непадалёку ад Холмскай брамы на Цытадэль крэпасці ўзведзены муляж брамы ў натуральную велічыню. Мост праз левы рукаў Мухаўца таксама прадубляваны. На мосце спаленая савецкая “палутарка”, сцены пакрытыя баявым куродымам.
– Фільм называецца “Брэсцкая крэпасць”, але гэта не рымэйк таго з шасцідзясятых гадоў, – распавядае рабочы з брыгады рэстаўратараў. – Здымаецца на грошы расійскай дзяржавы “Беларусьфільмам” і групай студый з Масквы, адна з іх “Centrepartnership”. Паколькі героі носяць не выдуманыя, а рэальныя імёны ўдзельнікаў абароны, то існуюць падвышаныя патрабаванні да праўдзівасці сітуацыі і канвы падзей. Рэжысёр Аляксандр Котт з двума “т” на канцы. З вядомых акцёраў Мярзлікін, Дзеравянка, яшчэ Ушакоў. Фільм гульнявы, самі аўтары называюць яго не мастацкім, а фільмам-рэканструкцыяй.
Заўважаю імкненне да дакладнасці: на муляжы Холмскай брамы польскі арол. Сапраўды, на арыгінале ён захоўваўся яшчэ і пасля вайны, потым здаўблі. Цікаўлюся пра “грошы ў чужой кішэні”. Мой суразмоўца тлумачыць:
– Я ведаю першую лічбу – тады казалі пра дзевяць мільёнаў даляраў у эквіваленце. Але фільм многа страціў. Скажу толькі, што скарацілі прыкладна сорак адсоткаў усіх натурных сцэн.
Фільм мае выйсці альбо да 9 мая наступнага года, што праблематычна, альбо да гадавіны пачатку вайны, дадаў мужчына і папрасіў не называць яго. Магчыма, хтось з беларусаў.
Нядаўна здымалі напад, і машыну скінулі ў рэку. Сёння здымаюць баі з другога боку крэпасці. У кастрычніку здымкі ў крэпасці завершацца. Нібыта гэта будзе другая серыя – адыход немцаў.