Стратны і нецікавы “Залаты шлягер-2009”
У адпаведнасці з загадам “зверху” супрацоўнікі паліклінік Магілёва па жэрабю выйграюць дарагія квіткі на канцэрт фестывалю.
Па словах супрацоўніцы адной з паліклінік горада, з гарвыканкама па паліклініках быў разасланы загад, згодна якому арганізацыі павінны набыць за свой кошт вызначаную колькасць білетаў па 100 000-170 000 рублёў.
–У нашай паліклініцы прайшло жэрабя аднаго квітка. Як ні дзіўна, перамагла загадчыца аддзялення. Яна і пойдзе на канцэрт. Астатнім прапанавалі купіць квіткі не на лепшыя месцы, але і не за такі кошт – па 10 000 і 15 000 рублёў.
Па словах намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі, расходная частка XI Міжнароднага музычнага фестывалю “Залаты шлягер-2009 у Магілёве” скаладае больш за 1 млрд. рублеў, 700 млн з якіх выдадкавана Магілёўскім аблвыканкамам.
Увогуле, вакол гэтага мерапрыемства заўседы ходзіць шмат чутак і спрэчак. Часам нават уздымаецца пытанне аб неабходнасці праводзіць фестываль. Напрыклад, яшчэ сем год таму міністр кульуры Леанід Гуляка сказаў: “Фестывалю “Залаты шлягер” у 2002 годзе можа і не быць, і не абавязкова праводзіць яго кожны год. Фестывалю ўжо 8 гадоў, і практыка паказвае, што склад яго ўдзельнікаў, а таксама іх рэпертуар не адрозніваюцца разнастайнасцю”.
У гэтым годзе пра якасць нагадаў усё той жа Валерый Малашка:
– У апошнія гады “Залаты шлягер” быў не лепшым фестывальным рухам у Беларусі, і гэта было звязана з дэфіцытам яго фінансавання.
Дык ці патрэбны магілёўцам фестываль за 700 мільёнаў абласнога бюджэта?
Былы актывіст БРСМ лічыць, што адна з праблем фествалю ў апошні час – як запоўніць залу. У мінулым годзе, напрыклад, БРСМ бясплатна распаўсюджваў квіткі, і тое не ведалі каму іх “усунуць”, каб месцы не заставаліся пустымі. У гэтым годзе прыдумалі зніжку для пенсіянераў – 50 працэнтаў пры прад’яўленні пенсійнага пасведчання.
– Навошта марнаваць бюджэтныя грошы на бесталентны фестываль, калі нават у лепшыя часы ён не акупаўся? – лічыць жыхар горада Магілёва. – Канцэрты гараджанам патрэбны, і нават такія, як “Любэ”. Аднак навошта падганяць гэта пад назву “Залаты шлягер”? Пакінулі б яго як добры успамін і праект, да якога можна будзе вярнуцца.
Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер” упершыню быў арганізаваны ў лістападзе 1995 года пры падтрымцы Прэзідэнта РБ. Спачатку ідэя стварэння “Залатога шлягера” узнікла з жадання сабраць разам “забытых” артыстаў, якія складаюць “залаты фонд” савецкай песні. У розныя часы ў фестывалі бралі ўдзел прызнаныя майстры сусветнага мастацтва больш чым з 25 краін. У гэтым годзе сярод выканаўцаў – Кацярына Шаўрына, Анне Вескі, Сосо Павліашвілі, Ігар Нікалаеў, сумесная праграма Іосіфа Кабзона і Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Расіі (дырыжор – Юрый Башмет), Ірына Дарафеева, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, групы: “Любэ”, “Беларускія песняры”, “Сіняя птушка”, “Сябры”.
Оставить комментарий