Беларускія ўлады Марыю Раманаву не запрашалі
Гомельскі аблвыканкам абверг заяву кіраўніка канцылярыі расійскага імператарскага дому А. Закатава аб тым, што ліпеньская паездка ў Беларусь расійскай княгіні Марыі Раманавай адбылася па запрашэнні кіраўніцтва Гомельскай вобласці.
Улады зрабілі гэта ў адказ на зварот грамадзяніна М. Бусела з вёскі Дуброва Светлагорскага раёна, патлумачыўшы, што “грамадзянку РФ Раманаву М. У.” не запрашалі.
Прыём, які быў аказаны Марыі Раманавай з боку кіраўніцтва Гомельскай вобласці, выклікаў неадназначнае рэакцыю ў беларускай грамадскасці. А глава канцылярыі расійскага імператарскага дому Аляксандр Закатаў паведаміў газеце “Камсамольская праўда ў Беларусі”, што візіт з’яўляецца афіцыйным, таму што “Вялікую княгіню запрасіла адміністрацыя Гомельскай вобласці”.
Мікалай Бусел вырашыў усё ж такі высветліць, ці запрашала абласное кіраўніцтва М. Раманаву. Адпаведны запыт ён накіраваў у Гомельскі аблвыканкам.
– Улады Расійскай Імперыі праводзілі ў Беларусі палітыку нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Расійскі імператарскі дом шкадавання аб гэтым не выказваў. Таму трэба дакладна ведаць, ці быў візіт афіцыйны, ці запрашалі сапраўды беларускія ўлады М. Раманаву, якая лічыцца главой імператарскага дому, – такое меркаванне М. Бусела.
І вось М. Бусел атрымаў афіцыйны адказ. У ім гаворыцца:
“Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы аблвыканкама разгледжаны Ваш зварот на імя старшыні аблвыканкама пра запрашэнне ў г. Гомель грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Раманавай М. У. Ніякага афіцыйнага запрашэння вышэйназванай грамадзянкі з боку улады не накіроўвалася. Яе прыватная паездка ў Гомель была арганізавана расійскім фондам “Наше наследие” з мэтай знаёмства з культурна-гістарычнымі аб’ектамі нашага рэгіёна.”
Ліст падпісаў А. А. Каціла, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама.