Крадуць меней, але забіваюць болей
Віцебская абласная пракуратура падвяла вынікі працы па прафілактыцы правапарушэнняў на адмысловым пасяджэнні аблвыканкама.
Пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско адзначыў, што захады пракуратуры разам з іншымі адказнымі структурамі паспрыялі пазітыўным працэсам, і ўзровень злачыннасці на Віцебшчыне знізіўся на 10 працэнтаў. За восем месяцаў 2008 года скарацілася колькасць разбояў, рабаўніцтваў, выпадкаў хуліганства. Разам з тым адзначаецца рост колькасці забойстваў.
Складанай была названая сітуацыя з п’янствам. Больш як 80 працэнтаў забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў здзейсненыя асобамі ў нецвярозым стане. Недастатковай была прызнана і работа з асуджанымі і тымі, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях, а таксама і з былымі зняволенымі, якія пасля выхаду з турмы нярэдка здзяйсняюць злачынствы паўторна.
Паводле пракурора вобласці, трывогу выклікаюць падлеткавы алкагалізм, недастатковыя меры супроцьпажарнай бяспекі на прадпрыемствах і ўстановах, працоўны траўматызм на вытворчасці, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Востра стаіць і пытанне карупцыі. Паводле ініцыятывы пракуратуры вобласці, па рэгіёнах было праведзена апытанне насельніцтва, і да прыкладу, 11 з 250 апытаных у Оршы ананімна прызналіся, што ім даводзілася сутыкацца з фактамі карупцыі і даваць хабар дзяржаўным службоўцам за станоўчае вырашэнне нейкага пытання. Больш таго: высветлілася, што да гэтай з’явы ў Оршы так прызвычаіліся, што лічаць узровень карупцыі невысокім і цалкам прымальным – маўляў, у сучасным грамадстве яна нават неабходная для “разрульвання” пэўных праблем.
На пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама было прынята рашэнне больш шырока прыцягваць да выпраўлення сітуацыі са злачынствамі грамадскасць – ад апытанняў накшталт таго, што пра ўзровень карупцыі, да дзяжурства ў вечаровы час у складзе добраахвотных дружын.