Главная » BY, Витебская, Общество

На універсітэцкім стадыёне наладзілі продаж піва

23 октября 2009 Один комментарий

Недалёка ад галоўнага корпуса Віцебскага дзяржаўнага універсітэта, літаральна на спортпляцоўцы адкрыўся рэстаран “Лямус”.

vitebsk-restaran

Гэта старое беларускае слова азначае сялянскі двухпавярховы драўляны будынак, на першым паверсе якога захоўваліся прадукты і гаспадарчы інвентар, а на другім – сена. Як назва рэстарана, так і яго месцазнаходжанне выклікаюць шмат пытанняў у віцяблян.

Пакуль вялося будаўніцтва, ніхто з жыхароў Віцебска і ўявіць сабе не мог, што за аб’ект узводзіцца на тэрыторыі універсітэта. Паколькі даўно хадзілі чуткі пра рэканструкцыю стадыёна, шмат у каго было ўражанне, што тут узводзяцца нейкія спецыяльныя памяшканні. Тым болей, што столькі кажуць пра здаровы лад жыцця, а на “прэзыдэнцкую лыжню” зганяюць усіх – ад адміністрацыі універсітэта да студэнтаў-першакурснікаў. Аднак адкрыццё піўной рэстарацыі прадэманстравала, што паміж заклікамі адрачыся ад шкодных звычак і сапраўднай пазіцыяй універсітэцкага кіраўніцтва – сапраўдная прорва.

– Нам даўно абяцалі пабудаваць новы стадыён, – распавёў студэнт-пяцікурснік Кірыл Зубко. – Абяцанне засталося нявыкананым, больш таго – замест гэтага на тэрыторыі універістэта з’явілася піцейная ўстанова. Зрэшты, большасць студэнтаў паставілася да гэтага абыякава, хаця дужа цяжка патлумачыць абыякавасць выкладчыкаў, асабліва старэйшага пакалення. Як яны цяпер будуць патрабаваць, каб мы былі дысцыплінаванымі, добра вучыліся, рэгулярна хадзілі на заняткі, калі альтэрнатыва – вось яна, зусім побач.

Праўда, студэнты могуць дазволіць сабе хіба што паглядзець трансляцыю футбола ў новай рэстарацыі, бо кошты тут куды вышэйшыя ў параўнанні з універсітэцкай сталоўкай. Студэнт-выпускнік Яўген Каваленка пераканаўся ў гэтым, наведаўшы “Лямус” неўзабаве пасля адкрыцця.

– Так, студэнт можа дазволіць сабе паабедаць тут, але … Разы чатыры на месяц! Комплексны абед у нашай сталоўцы каштуе разоў у дзесяць танней. Таму звычайнаму студэнту хадзіць у “Лямус” не выпадае.

Першы сакратар прафкама і актывіст БРСМ Андрэй Радзевіч прапануе акружыць рэстаран плотам, або ўнесці змены ў асартымент:

– Я не супраць знаходжання гэтага “пункта”, але каб у продажы не было алкагольных напояў. А больш даступныя кошты зрабілі б яго прывабным для  студэнтаў.

Але з прапановай зрабіць піўны рэстаран безалкагольным наўрад ці пагодзяцца тыя, хто рэалізоўваў гэты праект. Планы ў “Лямуса” цалкам супрацьлеглыя: тут збіраюцца наладзіць уласную вытворчасць піва, прычым да двухсот літраў на дзень.

Рэстаран з півам уласнай вытворчасці ды яшчэ з нацыянальным каларытам мог бы стаць сапраўднай адметнасцю ў Віцебску, каб не яго месцазнаходжанне. Між іншым, паводле рашэння аблвыканкама ўсе аб’екты, якія рэалізуюць тытунёвыя вырабы, піва і слабаалкагольныя напоі, мусяць быць размешчаныя на адлегласці не менш як адзін кіламетр ад інтэрнатаў або навучальных устаноў. Нягледзячы на гэта, дазвол на будаўніцтва і адкрыццё “Лямуса” быў атрыманы без праблем.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Один комментарий »

  • Св.Зянон пишет:

    Ганьба! Вось у ЭГУ, http://ehu.lt/news/notice/000014478/, дзе я буду мець выступ такого і быць ня можа.

Реклама от RedTram