У Брэсце “адкатваюць пальчыкі” тым, хто галасаваў за Лукашэнку
Прымусовая дактыласкапыя пастаянна абмяркоўваецца сярод тутэйшага насельніцтва. Поштай прысылаюць позвы ў міліцыю з пагрозай санкцыяў у выпадку няяўкі.
Нядаўна адзін мужчына выкінуў позву ў смецце, дык яму прыйшла яшчэ адна, ужо больш суровая.
У Маскоўскім РАУС горада Брэста “адкатвалі пальчыкі” адразу ў некалькіх чалавек. Афіцэр міліцыі палічыў маё журналісцкае пасведчанне за павестку. Звыкла патлумачыў:
– Нічога вы не нарабілі. Ужо год як у мужчынскага насельніцтва РБ ад 18 да 55 гадоў бяруць адбіткі пальцаў у сувязі з выбухам у Мінску. Вы можаце адмовіцца. Мы з задавальненнем прымем ад вас заяву. Тады вы аўтаматычна становіцеся падазраваным.
У сувязі з гэтым узнікае нямала пытанняў. Прыкладам, гендэрнае. Чаму міліцыя абыходзіць увагай жаночую частку насельніцтва?
Мужчыны мяркуюць, што гэта сістэма ўсталявання кантролю не толькі над злачыннасцю, але і над насельніцтвам. Пастралялі “злодзеяў у законе” і адправілі міністра Сівакова ў адстаўку. А “пальчыкі” – гэта спадчына экс-міністра ўнутраных спраў Навумава. Міністра няма, а справа жыве: пад шум выбуху “бяруць пад каўпак” усё дзеяздольнае насельніцтва.
Абмяркоўваліся ў міліцыі таксама дзве прычыны, па якіх можна прымусіць “адкатаць пальчыкі”: частыя паездкі за мяжу і галасаванне на выбарах. У выніку выстаяла апошняе. Усе, каго апошнім часам цягнуць на дактыласкапію, галасавалі за Лукашэнку.