Жыхары Шацілак навялі парадак на старадаўніх могілках
У Светлагорску група мясцовых жыхароў, вернікаў мясцовай каталіцкай абшчыны, правяла талаку на могілках, якія знаходзяцца ў старадаўняй частцы горада.
На добраахвотную працу людзі сабраліся 3 снежня. Перад тым яны звярнуліся да раённага кіраўніцтва, якое даслала і работнікаў камунальнага прадпрыемства з тэхнікай для абрэзкі кустоўя.
Невялікія могілкі існуюць, верагодна, з часу узнікнення Шацілак – колішняй вёскі, потым – пасёлка, які і быў ператвораны ў горад з цяперашняй назвай. Знаходзяцца яны каля месца, дзе з 1638 г. стаяў мясцовы касцёл. У 1939 г. ён быў разабраны. Новы касцёл узведзены ў 1997 г. непадалёк. Яго настаяцель ксёндз Тадэвуш Саморэк таксама падтрымаў ініцыятыву правесці талаку на могілках.
У савецкі час мінуўшыне Шацілак значэння не надавалася. Мясцовыя жыхары кажуць, што гадоў 30 таму ўлады меркавалі знесці старыя могілкі. Перашкодзіла адмоўнае стаўленне да такога намеру з боку шацілкаўцаў, а таксама тое, што тут ёсць вайсковыя пахаванні ІІ-ой сусветнай вайны.
Цяпер стаўленне да гісторыі паселішча змянілася. Трэці год тут вядуцца археалагічныя даследаванні, а па дварах час ад часу ходзяць студэнты і старшакласнікі, запісваючы ўспаміны старажылаў і мясцовыя легенды. Абмяркоўваецца прапанова аб правядзенні ў наступным годзе раскопак на месцы колішняга касцёлу.