Светлагорск стаў дзевятым горадам на Гомельшчыне, дзе выявілі вірус A/H1N1
Першы выпадак захворвання на A/H1N1 афіцыйна пацверджаны ў Светлагорску. Цікава, што вылечылі яго нават без прымянення антывіруснай тэрапіі.
25-гадовая цяжарная жанчына была памешчана ў бальніцу з сімптомамі вострай рэспіратарнай віруснай інфекцыі. Хвароба прайшла ў лёгкай форме, і праз чатыры дні пацыентку выпісалі. А яшчэ праз два дні з лабараторыі дыягностыкі вірусных і асабліва небяспечных хвароб Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя быў атрыманы вынік аналізу: у пацыенткі быў высокапатагенны грып.
Мясцовы ўрач-эпідэміёлаг Тамара Шаўчэнка лічыць, што пацыентка правільна паводзіла сябе падчас захворвання: яна своечасова звярнулася за медыцынскай дапамогай, дакладна выконвала рэкамендацыі дактароў і насіла засцерагальную павязку, каб не заразіць іншых. Менавіта дзякуючы гэтаму жанчына нават не мела патрэбы ў антывірусным лячэнні, і ніхто з яе родных і знаёмых не захварэў.
Такім чынам, Светлагорск – дзевяты горад Гомельскай вобласці, дзе выяўлены вірус A/H1N1. Па колькасці насельніцтва горад займае чацвёртае месца ў вобласці. Адзінкавы пакуль выпадак высокапатагеннага грыпу тут тлумачыцца, відавочна, аддаленасцю ад буйных транспартных вузлоў.