Інжынер Чыжык адсудзіў у ЖКГ мільён за ваду
Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда ў справе брэстаўчаніна Юрыя Чыжыка, у якога гарадскія камунальнікі спрабавалі забраць прысуджаныя яму грошы.
– Ну няхай бы за свае грошы змагаліся гэтыя юрысты са ЖРЭУ, – абураецца спадар Чыжык, – а то за грошы водаканала. Моўчкі бы пералічылі ў свой час, і не было б двухгадовых судовых працэсаў. А цяпер я на іх яшчэ падаў іск аб кампенсацыі за маральныя пакуты.
Дачка спадара Чыжыка ў 2002 годзе з’ехала на сталае месца жыхарства ў Англію і, адпаведна, не карысталася вадой. Аднак грошыкі за яе акуратна сплачваліся. У 2007 годзе тата звярнуўся ў ЖРЭУ з прапановай аддаць яму часова дадзеныя ў карыстанне грошы, то бок зрабіць пераразлік. Прадаставіў патрэбны дакумент, абгрунтаваў спасылкамі на рашэнні ўраду. Крыху схітраваў: прасіў зрабіць пераразлік адно за травень 2007 года. І як у ваду глядзеў – атрымаў адлуп і ў ЖРЭУ, і ў судзе Ленінскага раёна горада Брэста. Пацвердзілі рашэнне і Брэсцкі абласны, і Вярхоўны суд.
Пытаю, на колькі падаў іск аб маральнай кампенсацыі.
– На 600 мільёнаў, – кажа Юрый Васільевіч. – Чым я горш за Чаргінца? Не менш пакутую маральна.
А хітрыка з іскам аб карыстанні вадой за месяц тлумачыцца даволі празаічна: суддзя Міранюк аднёс іск да сферы маёмаснага права, а ў такой трактоўцы велічыня належнай судовай пошліны наўпрост залежыць ад велічыні іску. Калі ж выйшаў Закон аб абароне правоў спажыўца, стала можна абыходзіцца без аплаты судовай пошліны, і бацька адсутнай дачкі заявіў патрабаванне аб пераразліку карыстання вадой за ўвесь тэрмін з 2002 года за выняткам траўня 2007 года. У рэшце рэшт, раённы суд часткова задаволіў іск інжынера, абавязаўшы ЖРЭУ зрабіць пераразлік за тры гады.
– Не магу зразумець, чаму за тры, а не за чатыры альбо адзін, – няўцямна Чыжыку-старэйшаму. – І зноў-такі, чаму цяпер суд не ўлічыў той травень 2007 года, калі ўжо выйшла, што першае рашэнне з абсалютна такімі ж дакументамі ды абставінамі справы, адно меншай сумай іску, было няправільным?
Як бы тое ні было, але спадар Чыжык атрымае мільён беларускіх рублёў за тры гады, як ягоная дачка не карыстаецца вадой “роднага” ЖРЭУ. Альбо водаканала? Вой, як цяжка разабрацца, калі яны самі спаміж сабой адрозніць не могуць, дзе чый інтарэс і дзе чые грошы.