“Воўчы білет” для ахвяры савецкай псіхіятрыі
Былога сядзельца “палітпсіхушкі” абследавалі з ягонай просьбы і зноў прызналі псіхічна хворым, чым пазбавілі магчымасці зарабляць на жыццё. А пенсія ў “палітычна ненадзейнага” Міхаіла Лукашэвіча – 169 000 рублёў.
Міхаіл Лукашэвіч сустрэў мяне каля свайго дома, які за няплату адключылі ад газу і электрычнасці. Ён сам звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя дзеля абследавання, бо як інвалід і ахвяра мінулай сістэмы спадзяваўся аднавіць нейкія льготы і атрымліваць большыя грошы. Але выйшла, што яму аднавілі дыягназ.
– Мне нават мятлу ў рукі браць нельга. Пыльныя работы нельга, на вышыні працаваць, падымаць больш за чатыры кілаграмы нельга. Дворнікі, яны вёдры мусяць цягаць цяжкія.
– А вы ў Цэнтры занятасці былі?
– Так, я стаяў там на ўліку. Знялі. Я ім паказваў: мне гэтая праца забароненая, гэтая таксама паводле рашэння экспертнай камісіі па працы.
– Дык вы на ўліку ў псіхіятрычнай службе не стаялі? Камісія вам гэтае абмежаванне не накладвала?
– Не, але раз гэта прынцыповае пытанне і можа быць рэабілітацыя, трэба будзе выдаткі нейкія несці, дык мяне зноў зрабілі вар’ятам. Прычым хранічным.
Дваццаць гадоў таму назад спадар Лукашэвіч напісаў некалькі лістоў у францускую амбасаду, у якіх “клеветал на советский строй”. Адказу не было, дык паехаў у Маскву дзеля асабістага кантакту. Ён адбыўся, але не там і не з тымі людзьмі.
Міліцыянты завезлі яго ў бліжэйшы ўчастак. Потым Лукашэвіча гвалтоўна засадзілі ў маскоўскую вар’ятню і даймалі псіхатропамі. Ён дасюль як кулямётную чаргу прагаворвае “аміназін, цыкладон, галапірыдон”. Расказвае, як да яго прыязджала маці і не магла пазнаць, бо “плыў” і трызніў.
У Магілеўцах яго “далечвалі”. Агулам “курс лячэння” доўжыўся паўтара месяца. З таго часу некалькі камісіяў прызналі яго альбо здаровым, альбо яму паведамлялі, што на ўліку ў псіхдыспансеры ён не стаіць. Міхаіл Лукашэвіч мае правы кіроўцы аўтамабіля і матацыкла. Праўда, з абмежаваннем: ён інвалід дзяцінства па зроку, аднавокі.
– Яны ў мяне пытаюць: навошта вам абследаванне? Я і кажу: хачу дабіцца рэабілітацыі. Другі раз тое самае пытанне і той самы адказ.
– А вам рэабілітацыя ў чым дапамагла б?
– Выжыць трэба, за газ заплаціць, за святло.
– А якія ў вас праблемы цяпер?
– Адрэзалі за няплату святло і газ. Ва ўласным доме быццам бомж. Вось зіма надыходзіць, дык ваду яшчэ адрэжуць. Пенсія ў мяне 169 тысяч. Гэта чалавеку на два-тры разы добра паесці. А ў мяне сын-студэнт. Выкручваюся, як магу.
Днямі адзін высокі чыноўнік з Брэсцкага аблвыканкама прапанаваў ахвярам савецкіх рэпрэсіяў, якія прыйшлі да яго са сваім безграшоўем, наступнае: аформіць сумесны зварот да Расіі. Маўляў, Расія правапераемнік Савецкага Саюза, таму няхай дапаможа чым можа.
Мудрае рашэнне, вартае дзяржаўнага мужа. Дык можа, і ў справе Міхаіла Мікалаевіча Лукашэвіча варта “аддзяліць мух ад катлет”? Калі нават і лячыцца, дык на якія грошы?
Оставить комментарий