Главная » BY, Брестская, Культура

У Брэсце адзначылі гадавіну па Ніне Мацяш

27 декабря 2009 Комментариев нет

На грамадскай вечарыне памяці паэткі і перакладчыцы з Белаазёрска паказалі фільм пра яе. А чальцы Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў абралі кіраўніка, абавязкі якога ў свой час выконвала і Ніна Мацяш.

23 снежня ў абласной бібліятэцы сабраліся месцічы, студэнты, калегі па літаратурнай суполцы “Берасьцейскае вогнішча”, госці з-за мяжы. Згадвалі Ніну Мацяш, паэтку і перакладчыцу са шматлікіх моў свету, чыталі вершы, спявалі песні.

Калегі пра Ніну

Ніна Горык, кіраўніца Валынскай абласной арганізацыі Нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны, распавяла:

– То было настількі несподзівано. Схіліла головы ўся літературна Волынь, яка знала Ніну Матяш, яка торкалася ее слова і вбірала у свое літературно жіття.

Калегі па цэху часта паўтаралі такую характарыстыку паэткі, якая большую частку свайго 65-гадовага веку пражыла ў інвалідным крэсле: “пяшчотная і мужная”. А Пятро Мах  сцвердзіў гэта вершам Мацяш, перакладзеным на ўкраінскую:

– …не марно тоіцца з надзіею, шчоб як бы ты ні мучыв всіх, вічны турбоворот,
Вы будэтэ знаты, шчо вы – Білорускі народ!

Закрануў пазасцэнарны выступ баранаўчаніна Івана Лагвіновіча:

Пяціпялёсткавая кветка з лістком у вянок Ніны Мацяш

Шаноўная ў Берасьці й Луцку,
Прызнаных майстроў каляжанка,
Яна мяне па-паляшуцку,
Як роднага, звала Іванкам.

Жалобныя дні ў літарацкай сябрыне,
Бязмерная страта – няма нашай Ніны.

Схіліце галовы, мужчыны й жанчыны –
Аддайце належнае мужнасці Ніны.

У вечнасць пайшла, да Купалы, Скарыны.
Сярод знакамітых ёсць месца й для Ніны.

Смуга наплывае з палескай нізіны
І смуткам стаіць над магілаю Ніны.

Як смага крыніцы, як храма руіны
Тры гэтыя словы: няма нашай Ніны.

Вядоўца сустрэчы літаратуразнавец Генадзь Праневіч згадаў незабыўнага Уладзіміра Калесніка, які высока цаніў талент Ніны Мацяш:

– Уладзімір Калеснік сказаў у свой час: “Развітваемся аднойчы. Потым будзем толькі сустракацца”. Так і мы з Нінай Мацяш будзем цяпер толькі сустракацца, каб лепш  спазнаць аблічча, духоўныя памкненні гэтага выдатнага творцы, якога спарадзіла Берасьцейшчына. Да гэтага былі твар у твар. Адлегласць у часе дазволіць лепш разгледзець, які яна была чалавек, якое яе значэнне не для Берасьцейшчыны – для Беларусі.

Паэтка пра сябе

Мікола Пракаповіч, тэлежурналіст і паэт, зрабіў магчымай сустрэчу з Нінай Язэпаўнай. Ён зняў фільм, і ўдзельнікі вечарыны пачулі крэда Ніны Мацяш:

– Мне ўвогуле здаецца, што сэнс мастацтва – гэта пошукі шчасця. Таму што чалавецтва колькі існуе, яно імкнецца да гэтага, шукае яго рознымі шляхамі… . У кожнага шчасце сваё, але ёсць нейкія агульныя крытэрыі, якія ствараюць, –  так як людзі ствараюць чалавецтва, так і асобныя шчасці ствараюць шчасце агульнае, людское… .

Памясціў аўтар у свой фільм і адзін з праграмных вершаў паэткі ў аўтарскім выкананні:

Не знадзейвайся, перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля.
Намарозіць радня па крыві –
Адагрэе радня па долі.

Скруха зашмаргай? Перарві!
Ёсць лагода на боль, на скруху.
Адрачэцца радня па крыві ¬ –
Адагрэе радня па духу.

Праўду гэту, як ёсць, прымі
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу.

Літаратурная прэмія як помнік

Перад вечарынай чальцы Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў правялі свой сход. На год як вольнае месца кіраўніка абралі былога намесніка Ніны Мацяш, паэта Івана Мельнічука. Спадар Мельнічук сказаў:

–  У другі раз ужо сустракаемся на гадавіну Ніны Мацяш. Першая сустрэча, у вузкім коле, адбылася 19 снежня ў Белаазёрску. Сёння грамадскі фармат. Прыехалі з усёй вобласці чальцы нашай суполкі. Нас 31 чалавек. Правялі сход. Вось збярэмся Радай, прымем рашэнне заснаваць прэмію імя Ніны Мацяш.

Варта дадаць, што выйшаў літаратурны штогадовік “Жырандоля-2”. Да гэтага нумара яшчэ паспела прыкласціся як рэдактарка сама Ніна Мацяш. У Брэсцкім універсітэце, дзе ёсць факультэт замежных моў, праводзіцца конкурс мастацкага перакладу “І зорка з зоркаю гаворыць…” імя Ніны Мацяш.

Маладая настаўніца замежнай мовы Ніна Мацяш

Маладая настаўніца замежнай мовы Ніна Мацяш

На гадавіне па Ніне Мацяш паказваюць фільм Міколы Пракаповіча

На гадавіне па Ніне Мацяш паказваюць фільм Міколы Пракаповіча

Выступае госця з Валыні

Выступае госця з Валыні

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...