Главная » BY, Витебская, Общество

Парыжанам пашанцавала: цяпер яны будуць жыць у аграгарадку

28 декабря 2009 Комментариев нет

Акурат на Каляды вёску Парыж, што на Пастаўшчыне, абвясцілі аграгарадком. Раённае кіраўніцтва і самі парыжане спадзяюцца, што такое змяненне статусу вёскі прывядзе да павелічэння фінансавання мясцовай гаспадаркі.

З гэтай нагоды ў Парыжскім сельскім клубе – як ні дзіўна гэта гучыць, але менавіта так называецца мясцовая культурніцкая ўстанова – прайшло ўрачыстае пасяджэнне і адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Старшыня сельсавета і старшыня сельгаспрадпрыемства “Залаты вянок” атрымалі сімвалічны ключ ад аграгарадка Парыж. А Дзед Мароз са Снягуркай, якія следам за начальствам выйшлі на сцэну, павіталіся з гледачамі ў зале па-французску.

Пастаўскае раённае кіраўніцтва лічыць вельмі перспектыўным тое, што ў Парыжы цяпер аграгарадок: новы статус абумоўлівае новае фінансаванне, якое дазволіць крыху давесці да ладу заняпалую вясковую гаспадарку. З часам, лічаць у райвыканкаме, у Парыж можна будзе вазіць турыстаў – каб паказваць не французскія, а тутэйшыя цікавосткі.

Пра першую з іх – Эйфелеву вежу з каталіцкім крыжам уверсе – ужо пісалі ледзьве не ўсе беларускія СМІ. Зараз, узімку, 30-метровая жалезная канструкцыя выглядае не дужа прэзентабельна, і навакольны краявід не цешыць вока: акурат за вежай размешчаны зачынены дзіцячы садок, у якім знакаміты ксёндз Ёзас Булька некалі меркаваў стварыць музей Яна Паўла ІІ. Будынак не адрамантавалі, і музей давялося размясціць у іншым, меншым памяшканні.

Затое рамонт праведзены з клубе, сярэдняй школе і садку, якія наведваюць усяго 27 дзетак, у бальніцы на 13 месцаў і ў так званай “бытоўцы” – адмысловым памяшканні, дзе прымаюць замовы на бытавыя паслугі. Да прыкладу, на паслугі цырульніка, для якога тут абсталявалі працоўнае месца. Аднак сам спецыяліст прыедзе толькі тады, калі замоваў збярэцца некалькі. Так што сапраўдным парыжанкам давядзецца крыху пачакаць з навядзеннем “французскага лоску”.

Пра жыццё ў іншым Парыжы мясцовыя жыхары цяпер змогуць даведацца праз інтэрнэт. Паводле стандарту, у кожным аграгарадку мусіць быць адно месца для наведвальнікаў сусветнага сеціва, і на парыжскай пошце цяпер таксама ёсць такая паслуга.

Ні французскага віна, ні французскай парфумы ў мясцовых крамах не знайсці, хаця крамаў ажно дзве – дзяржаўная і прыватная. Раней вяскоўцы мелі цэлы гандлёвы цэнтр, які зачынілі, бо стаў нерэнтабельным. Цяпер у гэты будынкак ходзяць маліцца – пасля грунтоўнай рэстаўрацыі тут адчынілі касцёл Святога Юзафа.

Аднак па французскай парфуме парыжанкі не бядуюць: на “калгасны” заробак такой раскошы ўсё адно не купіш, а іншае працы тут не знайсці. Мясцовыя жыхары мараць, каб у вёсцы адчынілі хаця б нейкую вытворчасць для моладзі, якая з’язджае з роднага краю у пошуках працы.

Цяпер у аграгарадку жувуць усяго 340 парыжанаў. І дзеля калядных святаў яны купляюць не французскае, а падсвільскае віно, якое робяць тут жа, на Глыбоччыне.

parij

parij-ded-moroz

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...