У вёсках Брэсцкай вобласці працу сацыяльных работнікаў пераймаюць «бамжы»
Яны аказваюць паслугі нямоглым пенсіянерам, атрымліваюць за гэта прыбытак і не рэгіструюцца як беспрацоўныя.
Пералік паслугаў базавы, як і дыктуе вясковае жыццё: нарубаць дроў, паправіць плот, залатаць дзірку ў стрэсе, падкасіць траву. Увесну патрэбныя рукі, каб пасадзіць бульбу, увосень выкапаць і выбраць яе ў мяхі, прывезці і ссыпаць у склеп. Але бульбы сяльскія выпівохі, як правіла, цураюцца – занадта працаёмка. Хіба што толькі вось прывезці з поля ды разгрузіць…
Прыбытак «бамжам» выдаецца, у асноўным, так званай савецкай валютай, бутэлькамі. Але вясковыя валацугі бяруць «заробак» і грашыма. Іншым разам пенсіянерка (мужчын засталося зусім мала, яны ў Беларусі жывуць, у сярэднім, на 12 гадоў менш) гатуе на свайго найманца, і той у яе сталуецца.
Віктар Міхайлавіч, начальнік аддзела Брэсцкага абласнога цэнтра занятасці насельніцтва, згодзен:
– Дык і ў маёй цешчы двое такіх памагатых. Зручна ёй: дорага яны не бяруць. А нам выпадае два разы на месяц прыехаць. Самую цяжкую, «стратэгічную» працу мы робім, а найманцы паўсядзённую драбязу.
– Яны і не бамжы, мясцовыя, але жывуць самотнікамі, бо пітушчыя, – кажа чыноўнік. – Жонкі іх павыганялі, так што вярнуліся ў бацькоўскія хаты, а бацькі паўміралі ўжо. Ці шукаюць працу? Не, навошта ім, проста ім больш не трэба: бутэлька, паесці, паспаць.
Такім чынам, гэтая катэгорыя не ўваходзіць у афіцыйныя 0,7% беспрацоўных: яны не рэгіструюцца. Чаму?
– Яны належаць да той катэгорыі, якая ёсць у любым грамадстве і якая ні пад якім выглядам не будзе выконваць штатную працу, – кажа Віктар Міхайлавіч. – Таму навошта ім рэгістравацца? У Цэнтрах занятасці іх будуць торгаць, каб згаджаліся на нейкую працу. Два разы прапануюць нешта малааплатнае (другога, як правіла, няма) і потым перастануць плаціць нават дапамогу па беспрацоўі (дзве базавыя, з даплатамі каля ста тысячаў белрублёў). Нават гэтыя «грошы» трэба адпрацоўваць на грамадскіх работах. Адмовішся – зноў-такі забяруць дапамогу.
Гэтыя выкладкі свайго калегі пацвердзіла начальнік аддзела абласной службы сацыяльнай дапамогі Ірына Гамзюк. Заадно патлумачыла:
– У вёсках Брэстчыны патрэба ў сацыяльных работніках ёсць. І нарматыў на стаўку (каля 700 тысячаў беларускіх рублёў) меншы за гарадскі – 5-8 чалавек супраць 8-10. Мы нават пенсіянераў маладых бярэм, калі хто захоча. Але мала хто ідзе. Працаздольныя людзі ў вёсцы занятыя, найчасцей у аграсектары. Таму «бамжы» і пераймаюць.
– І яшчэ пенсіянеры грошы шкадуюць, а «бамжы» бяруць мала, – дадала спадарыня Гамзюк. – Права на бясплатную дапамогу сацыяльнага работніка, як правіла, заяўляюць, але такіх адносна няшмат.
– Мы цяпер у такіх раёнах, як Баранавіцкі, Пружанскі, Камянецкі, на аўтамабіль саджаем сацыяльнага работніка і адпраўляем па вёсках, – кажа Ірына Гамзюк. – Але мы пасля міліцыі, хуткай дапамогі, аўталаўкі… Каб сацыяльная служба магла рабіць і не мець ніякай канкурэнцыі, у тым ліку і ад «бамжоў», трэба моцная эканоміка. А так страх бярэ, бо вось надыходзяць халады, і тыя, хто ледзве ходзіць па хаце… Не прывядзі Гасподзь яны пачнуць звяртацца па дапамогу. У нас малы рэсурс. Паўтаруся, мы сярод сацыяльна значных службаў на апошнім месцы.
Вось і выходзяць на першае месца вясковыя валацугі. Тое, што гэтая з’ява мае перспектыву росту на бліжэйшыя тры-пяць гадоў, пацвярджаецца статыстыкай з раённай газеты «Навіны Камянеччыны». Паўгода назад там налічвалася 61 вёска, у якой жылі ад аднаго да дзесяці чалавек, ладная частка якіх – пенсіянеры, а рэшта – глыбокія пенсіянеры.
Хто мае права на бясплатную дапамогу сацыяльнага работніка?
Інваліды 1-й і 2-й групаў без сваякоў, малазабяспечаныя (даход менш за бюджэт пражытковага мінімума, 442 тысячы 360 рублёў на 12.09.2011) пенсіянеры без сваякоў.
так это ж батраки XXI века. вот она социальная стабильность.
Реклама от RedTram