Ці паўторыць «РусБелГаз» поспех «ГазАпарата»?
Новы рэзідэнт Свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, як былінны віцязь, акрэсліўся на разгалінаванні. Прадпрыемства з расійскім капіталам мае намер выпускаць газавыя лічыльнікі. Прычым існуе пад цяперашнім назовам з сядзібай у Расіі ўжо дзесяць год, і толькі зараз вырашыла «прыйсці» ў Беларусь.
На думку намесніка кіраўніка адміністрацыі СЭЗ Аляксандра Парцянкa: «Цяжка цяпер прадпрыемствам, а ў Русбелгаза расійскі рынак больш асвоены, і камплектуючыя не патрабуюць доларавых уліванняў».
Аб’ём інвестыцый заяўлены ў адзін мільён долараў. Гэта мінімум, які дазваляе стаць рэзідэнтам СЭЗ і атрымаць падатковыя прэферэнцыі. Прадпрыемства мае выпусціць першую прадукцыю – бытавыя і прамысловыя “разумныя” газавыя лічыльнікі з электроннай начынкай – ужо ў гэтым снежні. Паводле ўмоваў СЭЗ, не менш за 70 адсоткаў прадукцыі павінны ісці на экспарт.
Новы рэзідэнт арэндаваў былыя памяшканні Брэсцкага электрамеханічнага завода і плануе стварыць каля ста працоўных месцаў. Аднак умовы працы гэтых памяшканнях выклікаюць шматлікія пытанні: састарэлы будынак, холад, скразнякі. Новае віно ў старыя мяхі?
У аддзеле кадраў Беларускім рэгіянальным навінам адказалі, што зараз складаюць чаргу з жадаючых уладкавацца. Аляксандр Аляксандравіч адказвае з доляй аптымізму: “Газавая апаратура карыстаецца попытам. Але лічыльнікі каштуюць на парадак менш за газавыя пліты. Аб’ёмы не тыя…”
Крыніца Беларускія рэгіянальныя навіны