Канферэнцыя па “Усходняму партнёрству”: больш увагі рэгіянальнай дзейнасці
Узмацненне рэгіянальнай працы – адна з асноўных задач грамадзянскай супольнасці Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”. Гэта было адзначана на канферэнцыі, якая прайшла 29 кастрычніка 2011 ў Мінску.

“Усходняе партнёрства” – гэта праграма супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з шасцю краінамі-суседзямі ЕС
Прадстаўнікі няўрадавых арганізацый Беларусі, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі, прынялі Мемарандум аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства”. Абраны Часовы кіруючы камітэт Нацыянальнай платформы і яго старшыня – Уладзімір Мацкевіч. Сярод задач, якія ён назваў у сваёй прамове пасля абрання – стварэнне абласных платформ грамадзянскай супольнасці ў праграме “Усходняе партнёрства”.
Як вядома, “Усходняе партнёрства” – гэта праграма супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з шасцю краінамі-суседзямі ЕС: Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Беларуссю, Малдовай і Украінай. Праграма складаецца з двух накірункаў: міждзяржаўнага і няўрадавага.
Няўрадавы накірунак каардынуецца Форумам грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства”, які ўключае ў сябе 6 нацыянальных платформ па краінах-удзельніках, у тым ліку беларускую. Да платформы могуць далучацца ўсе зацікаўленыя арганізацыі.
Канферэнцыя Нацыянальнай платформы праводзілася ў Мінску ў трэці раз і мела назву “Грамадзянская супольнасць Беларусі напярэдадні ІІІ-яй штогадовай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці ”Усходняга партнёрства”. Форум адбудзецца ў хуткім часе ў г. Познань (Вялікапольскае ваяводства, Польшча). Беларусь на ім будуць прадстаўляць 24 арганізацыі.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны
Оставить комментарий