Што хвалюе гарадзенцаў: Святы Губерт ці рэвалюцыя?
У Гародні пачаліся Дні Святога Губерта – апекуна горада – з выставы ў мастацкай галерэі “Крыга”.
У мінулым 3 лістапада адзначаўся Дзень Гародні і з’яўленне Аленя з залатым крыжам паміж рагамі вельмі натуральна клалася на душу і сэрца мінакоў. Сёлета свята адзначаецца толькі дасведчанай грамадскасцю. Ніводны прадстаўнік улады не ушанаваў Губерта сваёй прысутнасцю. Напэўна таму, што у гэты ж час чыноўнікі святкавалі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў драмтэатры — гэта за 200 метраў ад “Крыгі”.

Дзень Гародні і з'яўленне Аленя з залатым крыжам паміж рагамі
У невялікай галерэі “Крыга” не хапала месца для ўсіх жадаючых і ім прыходзілася па чарзе станавіцца ўдзельнікамі імпрэзы. Дырэктарка галерэі Марыся Мацко выйшла да наведвальнікаў у дворык і патлумачыла мэты дадзенай імпрэзы:
— Гэтай выставай мы далучаемся да еўрапейскай культуры, таму што Губерт папулярны па ўсёй Еўропе ці то рыцарскімі ордэнамі, ці ўзнагародамі ў яго гонар.
Адна з актыўных арганізатарак свята Таццяна Канопкіна, якая ўзначальвае аддзяленне Таварыства беларускай школы, акрамя прывітальнага слова яшчэ і ўручыла памятныя падарункі мастакам, якія адгукнуліся сваёй творчасцю на гэтае мерапрыемства. Гэта ў першую чаргу вядомыя гарадзенскія мастакі Аляксандр Сільвановіч, Уладзімір Кіслы, Вацлаў Спорскі, Андрэй Філіповіч, Анатоль Скамарошчанка і іншыя. На выставе таксама прысутнічалі вырабы з керамікі і кавальскія.

Алень з крыжам паміж рагамі - лепшы падарунак
Грамадскія святкаванні дзён горада толькі пачынаюцца. У той жа дзень для мінакоў іграў “Стары Ольса”. У наступныя дні іх чакаюць іншыя забавы, у тым ліку і спаборніцтва лучнікаў. Але галоўнай імпрэзай будзе міжнародная канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест”, на якой навукоўцы з суседніх краін успомняць мінуўшчыну Гародні з яе перспектывай ў будучыню.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны