Андрэю Пачобуту – прэмія за мужнасць і прафесіяналізм
Гарадзенскаму журналісту і карэспандэнту “Газеты Выбарчай” прысуджана прэмія Анджэя Вайцахоўскага.
Прэмію штогод ганаруе радыё “ЗЭТ” тым журналістам, якія, нягледзячы на жорсткія ўмовы працы, застаюцца вернымі свайму прафесіянальнаму абавязку – даносіць да людзей праўду аб падзеях, якія адбываюцца ў свеце. Гарадзенскі журналіст атрымаў яе за артыкулы аб прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і рэпрэсіях у адносінах да іншадумцаў у Беларусі. За гэта ён адбываў пакаранне ў турме, але пад націскам міжнароднай супольнасці быў вызвалены з адтэрміноўкай прысуду на тры гады.Некалькі пытанняў да пераможца
– Па-першае, віншуем. Але чаго ж ты не едзеш за ўзнагародай?
– Дзякуй вялікі. Вядома, я б з вялікім задавальненнем паехаў, таму што такое ў жыцці кожнага чалавека не часта бывае. Ну, а ў мяне прычына, характэрная для Беларусі – не выпускаюць за межы краіны, такі я вось небяспечны, калі апынуся дзесьці на Захадзе.
– Табе не падаецца, што шчырая праца, барацьба ніколі не прападаюць бясследна, а нечым абавязкова вяртаюцца чалавеку?
– Абсалютна з табой згодзен. Безумоўна, матэрыяльная дапамога патрэбна, што тут крывіць душой. Але для журналіста вельмі важны і нейкі маральны рэванш за загады маўчаць. І ў гэтым плане я адчуваю нейкую асалоду за тое, што рабіў, раблю і буду рабіць. З другога боку, важна і тое, каб у свеце існавалі такія інстытуты, якія падтрымліваюць і цэняць такое змаганне людзей. І я вельмі ўдзячны радыё “ЗЭТ”, якое стаіць на пазіцыях падтрымкі сутнасці прафесіі журналіста.
– Як табе такое званне, не цяжка насіць?
– Ды не….Гэтая ўзнагарода, лічу, не толькі мне. Яна як праява салідарнасці міжнароднай журналісцкай супольнасці з беларускімі калегамі, якія змагаюцца за свае правы апраўдваць сваю прафесію ў сучаснай Беларусі.
– Дарэчы, твая прэмія не падпадае пад крымінальныя артыкулы апошніх дзён за падтрымку незалежных грамадскіх арганізацый?
– Мяркую, што не. Аддам падатак і буду спакойны, хоць сам разумееш, што фінансаваць такім чынам тых, хто мяне пераследуе, на сэрца не кладзецца ніяк.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны
Оставить комментарий