Каля Пружан зруйнавалі апошнюю драўляную шляхецкую сядзібу
Днямі ўсё пайшло пад бульдозер. Спляжылі нават арыгінальную балюстраду перад домам у якім печы былі ўпрыгожаны цэгламі з клеймамі «Парыж» і «Лондан» . Сядзіба ў Белавусаўшчыне (4 кіламетры ад Пружан) згадваецца ў кнізе Л. Несцерчука “Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў”.

Выгляд сядзібы ў 1998 годзе. Фота Л. Несцерчука
Калісьці яна належала аднаму з сыноў магната Швыкоўскага, уладальніка Пружан. Пазней тут размяшчалася школа. Побач, на возеры, была ўладкаваная зона адпачынку.

Выгляд сядзібы на пачатку лістапада. Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны
Гэта была апошняя драўляная шляхецкая сядзіба Брэсцкага рэгіёна. Да гэтага разбурылі драўляны дом шляхціца Прозара ў Бярозаўскім раёне. Там засталася яшчэ мураванка, праўда, у гаротным стане (праваліўся дах). А ў Белавусаўшчыне нават не зрабілі замераў будынка дзеля яго магчымай рэстаўрацыі калі-небудзь пазней.

Разбураная сядзіба Швыкоўскага. Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны
Мясцовыя краязнаўцы перакананныя: сядзіба ў Белавусаўшчыне не дачакалася ўключэння ў турыстычныя маршруты, дзе магла б быць поруч з палацамі Пуслоўскіх у Косаве і Сапегаў у Ружанах, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі.

Цэглы з клеймамі. Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны