Канцэрт і мюзікл Шалкевіча – Корчака
Гарадзенскі актор і бард Віктар Шалкевіч летам з’явіцца ў ролі Корчака, а 8 сакавіка дасць святочны канцэрт, прысвечаны жанчынам, у мясцовым драматычным тэатры.
— Назва майго канцэрта “Ах, вясна! Мы навечна твае…” гаворыць сама за сябе і ў ім прагучаць мае найлепшыя песні, прысвечаныя жанчынам. Мяне радуе яшчэ і тое, што, нарэшце, змагу спяваць у родным горадзе для тых, хто мяне ведае і каго ведаю я.
Прыўзняты настрой актора можна патлумачыць не толькі сустрэчай з землякамі, але і навіной, якая ўздымае яго творчы патэнцыял як спевака і актора на новую вышыню. Справа ў тым, што ў 70-ю гадавіну смерці выдатнага польскага педагога і пісьменніка Яна Корчака Падляская опера вырашыла паставіць мюзікл “Корчак”. Дык вось, Віктару Шалкевічу прапанавалі ролю знакамітага педагога.
— Спатрэбілася толькі адно праслухоўванне, каб прыняць станоўчае рашэнне, — працягвае актор. – Прэм”ера спектакля раней адбылася ў Лондане пры падтрымцы брытанскай арганізацыі, якая займаецца прапагандай музычнага тэатра сярод моладзі. Польская прэм”ера адбудзецца гэтым годам і хутчэй за ўсё летам.
Нагадаю, што ў мюзікле ўгадваецца гісторыя слыннага доктара, які клапаціўся пра габрэйскіх сірот. Падзеі разгортваюцца падчас нямецкай акупацыі, калі дзіцячы прытулак, якім кіраваў Корчак, быў адпраўлены ў Варшаўскае гета.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны