Як будуць святкаваць Дзень Волі 2012 ў Гродна?
Прадстаўнікі трох гарадзенскіх партыяў — АГП, БНФ і БСДГ падалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка ў горадзе мітынгу.

Уладзімір Хільмановіч, прадстаўнік БСДГ
Афіцыйны ліст падпісалі Юры Істомін, Вадзім Саранчукоў і Уладзімір Хільмановіч. Арганізатары мітынгу заявілі для правядзення Дня Волі цэнтральны гарадскі парк імя Жылібера. Гэта было зроблена улічваючы значнасць гістарычнай даты ў беларускай гісторыі.
Пра падзею распавядае гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, прадстаўнік БСДГ:
– Заяўка пададзена праз пошту, заказным лістом. Асаблівых ілюзіяў і спадзяванняў няма, што гэты мітынг будзе дазволены. Тым не менш, падаем – у першую чаргу з мэтай інфармавання грамадзян пра 25 сакавіка, Дзень Волі. Калі адмовяць, напэўна, што ніякіх несанкцыянаваных дзеянняў на месцы заяўленым ў заяўцы ніхто рабіць не будзе. Але напэўна пасля нарады, пасля ўзгаднення будзе знойдзены іншы фармат і будзе адзначана ў больш сціплай форме, не ў форме мітынгу, але ў нейкай іншай форме.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны