На рэстаўрацыю кляштара базылян у Воршы зноў няма грошай
Як вынікае з перапіскі мясцовых аматараў даўніны з дзяржаўнымі ўстановамі рознага ўзроўню, «грошай няма» ужо амаль 15 гадоў. Дакладней, з тае самае пары, як апошніх насельнікаў помніка архітэктуры адтуль выселілі, а рэстаўрацыю так і не пачалі.
Гісторык Юрый Копцік і былая музейная супрацоўніца Тацяна Вароніна вядуць перапіску з гарадскімі і абласнымі ўладамі, міністэрствам культуры, пракуратурай ды іншымі ўстановамі ўжо некалькі год. Іхная мэта – дамагчыся ўжо калі не рэстаўрацыі, дык хаця б кансервацыі парэшткаў помніка архітэктуры «да лепшых часоў».
Зрабіць гэта паводле заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны, мусіць уласнік будынка – Віцебская епархія беларускай праваслаўнай царквы, бо ў 2006 годзе гарадскія ўлады пазбавіліся ад адказнасці за гаротны стан помніка архітэктуры ХVIII стагоддзя, перадаўшы яго праваслаўным вернікам. Тады ж было абвешчана, што ў адрэстаўраваным кляштары будзе адчынены жаночы праваслаўны манастыр.
«На наш чарговы зварот у міністэрства культуры мы атрымалі чарговую адпіску. Маўляў, міністэрства паводле звароту ў Генеральную пракуратуру – а мы «дабраліся» ужо і датуль – гатовае спагнаць з гаспадароў. Дакладней, Віцебскай епархіі БПЦ выдалі прадпісанне, каб распачыналі працы па кансервацыі. А вінаватых у парушэнні заканадаўства, загадвае міністэрства культуры, каб пакараў Віцебскі аблвыкакам. Усё гэта мы ўжо «праходзілі»: прадстаўнік праваслаўнай царквы гавораць, што ў іх няма грошай, хаця паўсюдна ў Беларусі ўзводзяцца новыя храмы з залачонымі купаламі», — гаворыць Юры Копцік.
Апошнімі днямі у будынку жылога корпусу базылянскага кляштара пачалі забіваць вокны. У двары ляжаць дошкі, іх пілуюць — і нібыта нешта робіцца.
«Пазабіваць вокны – гэта не самае галоўнае! Унутр будынку цяпер не палезуць нават «бамжы», бо там няма падлогі, адна гэлая зямля, дый тая з лужынамі. Трэба ратаваць сцены, каб яны не разбураліся, а таму першая неабходнасць – гэта накрыць помнік архітэктуры хоць нейкім дахам. Не цыратай, як зрабілі на адным кавалку сцяны, а менавіта дахам, каб спыніць разбурэнне ад снегу і дажджу! Таму патрэбныя не «паказушныя» захады па кансервацыі, а сапраўдныя», — кажа Тацяна Вароніна.
Менавіта пад цяжарам снегу ў 2004 годзе абваліўся дах над кляштарам базылянаў, і мясцовыя ўлады вырашылі, што ўзнаўляць яго – неабавязкова. Калі ў 2008 годзе ў Воршы праводзілі рэспубліканскія «Дажынкі», паўразбураны будынак «замаскіравалі» камуфляжнай сеткай – няйначай узялі напракат у бліжэйшай вайсковай частцы.Бо пасля святкаванняў сетка знікла, і парэшткі помніка архітэктуры зноў паўсталі перад вачыма аршанцаў і гасцей горада.
Усе звароты грамадскасці да ўладаў, а пасля бяздзейнасці апошніх – у пракуратуру сканчваліся адным: загадамі «выправіць становішча» сканчэння чарговага году—2005-га, 2006-га, 2007-га, 2008-га, 2009-га, 2010-га, 2011-га… Праблема плаўна «перасунулася» на 2012-ты.
Некалі двухпавярховы будынак кляштара базылян быў цэнтрам развіцця вуніяцтва ў рэгіёне. Быў ён не толькі цэнтрам адукацыйным і духоўным, але ж і архітэктурным. Царква Пакрова Багародзіцы манастырскага комплексу ўзносілася над горадам амаль на 40 метраў у вышыню і была бачная далёка за яго межамі…У 1969 годзе яны была разбурана, а ў 2005 годзе на падмурку царквы мясцовая міліцыя распачала будаўніцтва ізалятара часовага ўтрымання. Грамадскімі сіламі будаўніцтва ўдалося перанесці ў выніку падмуркі не былі пашкоджаныя. Але цяпер на вачах ва ўсяго горада гіне помнік беларускага барока ХVIII стагоддзя, які ацалеў нават у савецкія часы. Яшчэ у 1989 годзе тут былі майстэрні аршанскіх мастакоў — гістарычны будынак працягваў сваё жыццё, хоць без рэстаўрацыі яно больш нагадвала проста існаванне… А цяпер ён проста ператвараецца ў друз, шыльда з надпісам «ахоўваецца дзяржавай» ад гэтага не ратуе, а прадугледжаная заканадаўствам адказнасць, відаць, нікога не палохае і сумленне не абуджае.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны