Памежны шлагбаўм замінае патрапіць да помніка паўстанцаў 1863 года
Прадстаўнікі дзьвух гарадзенскіх фірмаў ТАА «Мерцана» і ТДА «Свідравіна» звярнуліся да гарадзенскіх уладаў, каб тыя дазволілі перанесці шлагбаўм у памежнай зоне, які замінае патрапіць да помніка паўстанцам 1863 года, які знаходзіцца ў вёсцы Кадыш.
У сваім звароце прадстаўнікі фірмаў лічаць, што «наведванне турыстамі і краязнаўцамі мемарыяльнай кампазіцыі ў в. Кадыш будзе садзейнічаць развіццю турыстычнага патэнцыяла Гродзенскай вобласці, а таксама прэстыжу нашага краю. Асветніцкая і патрыятычная функцыя гэтай кампазіцыя бяспрэчная.
Як адзначае намесніца дырэктара турыстычнай фірмы «Мерцана» Ганна Шарэнда:
– Па дадзенаму звароту ў нас уся надзея на Шапіру, старшыню абласнога выканаўчага камітэта. Мы вельмі чакаем, што перанясуць гэты шлагбаўм. «Свідравіна» дапаможа зрабіць гэта за свае сродкі. Вельмі прыгожа выглядала, каліб адбыўся гэты перанос і тады можна было б унесці гэты помнік у маршрут на Аўгустоўскім канале. Вось зараз што можна паказваць, калі едзеш на канал: Свяцк, перад ім другі форт, і сам канал. Кадыш недзе губляецца. Ужо адна з гарадзенскіх школаў зацікаўлена гэтым маршрутам . Мы лічым, што гэта таксама частка нашай гісторыі і дзеці, і дарослыя павінны яе ведаць.

Перад самым зваротам прадстаўнікі фірмаў ладзілі невялічкі міні-суботнік і прывялі ў парадак гэту магілу паўстанцаў
Нагадаем, помнік у памежнай вёсцы Кадыш быў адкрыты 21 траўня 2011 года пры ўдзеле генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Хадкевіча, а сам помнік паўстаў дзякуючы намаганням дзьвух гарадзенцаў Сяргея Зылькова і Юрася Мацко.
Прадстаўнікі ТДА «Свідравіна» ужо дасылала зварот да імя камандзіра чаці, да якой належыць тэрыторыя помніка, і ў упраўленне культуры гродзенскага аблвыканкама. Адказы былі адмоўнымі.
Гэтым новым зваротам прадстаўнікі фірмаў зробяць яшчэ адну прыступку да вывучэння гісторыі Гарадзеншчыны усімі жадаючымі.
22 траўня 1863 году каля вёскі Кадыш адбыўся бой паўстанцкіх атрадаў з расійскімі карнікамі. Палеглыя ў баі паўстанцы былі пахаваныя ў брацкай магіле.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны